
Аплата за камунальныя паслугі. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
У сакавіку беларусаў чакае істотны рост выдаткаў. Гэтак, даражэйшымі стануць камунальныя паслугі, падаражэе шмат цыгарэтаў. Шмат каму давядзецца заплаціць унёскі ў ФСАН і задэклараваць даходы за мінулы год. А вось росту даходаў не прадбачыцца. Нават дапамога на пахаванне зменшыцца.
Вырасце камуналка
З 1 сакавіка павялічваюцца тарыфы на камунальныя паслугі. Для тыпавой кватэры рост складзе 22,5 рубля. Цэны на газ павялічваюцца на 7,07 %, на электраэнергію – на 7 %. Праўда, плаціць паводле новых тарыфаў давядзецца ў красавіку.
Заплаціць унёскі ў ФСАН
Да 31 сакавіка самазанятым, адвакатам, натарыусам і ІП трэба заплаціць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за 2025 года. Напрыклад, ІП у звычайнай сітуацыі давядзецца заплаціць 3077,04 рубля. Дакладную суму да выплаты можна знайсці ў сістэме «Разлік» (АРІП). Калі ўнёскі не заплаціць, то з 1 красавіка будзе налічвацца пеня.
Даражэюць цыгарэты
Каля 100 марак цыгарэтаў падаражэюць з 1 сакавіка. Гэтак, на 40–50 капеек падаражэюць цыгарэты RB Perliamutr, некаторыя віды Rigins Original, Dove і Red Bor, на 30–45 капеек – Dove, на 10 капеек – некаторыя віды Dunhill, Kent, Rothmans і Lucky Strike. Цэны на цыгарэты «NZ Charm Рубі» кампакт складуць 5,25 рубля, Rigins Original Blue – 4,5 рубля, на розныя віды Red Bor – ад 4,25 рубля да 4,4 рубля.
Пачнецца прызыў у войска
У сакавіку пачнецца прызыў на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве. За вясну плануецца набраць у войска мужчынаў, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, а таксама тых, хто страціў права на адтэрміноўку.
Не забыцца задэклараваць даходы
Грамадзяне абавязаныя не пазней 31 сакавіка падаць падатковую дэкларацыю датычна падаходнага падатку. Дэклараванню падлягаюць даходы, атрыманыя імі ў 2025 годзе ад продажу ці іншага выплатнога адчужэння (мены, рэнты) маёмасці. Такі абавязак узнікае пры продажы аб’ектаў нерухомасці (кватэры, жылога дому, дачы, гаражу, зямельнага ўчастку і інш.), а таксама цяжкавіка, другога і наступных аўтамабіляў масаю да 3500 кг і лікам месцаў да васьмі.

Людзі на вуліцах Менску. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Дэкларацыю павінны падаць таксама тыя, хто атрымаў падарункі або маёмасць паводле дамовы рэнты на суму звыш 11516 рублёў. Акрамя таго, дэклараванню падлягаюць даходы, атрыманыя з-за мяжы або за мяжою паводле працоўных кантрактаў за мяжою; ад продажу акцыяў і каштоўных папераў замежных кампаніяў; у выглядзе падарункаў ад замежных грамадзянаў і інш.
Скарэктуюць памер унёскаў у «Белдзяржстрах»
З 1 сакавіка істотна вырастуць страхавыя ўнёскі ў «Белдзяржстрах» для кіраўнікоў камерцыйных арганізацыяў і фермерскіх гаспадарак. Мінімальнаю базаю для налічэння стане сярэдні заробак у краіне за адпаведны месяц. То бок, калі даход кіраўніка меншы ад сярэдняга заробку, унёскі ўсё адно налічаць зыходзячы з сярэдняй велічыні. Калі даход вышэйшы, разлік будзе ісці з фактычнай сумы.
Дадатковых выходных не будзе
Паколькі дзяржаўнае свята Дзень жанчын сёлета выпала на нядзелю, то для работнікаў з пяцідзённым працоўным тыднем дадатковага выходнага ў сакавіку няма. Нават у Год беларускай жанчыны. Толькі для работнікаў з шасцідзённым рабочым тыднем субота 7 сакавіка будзе скарочаная на адну гадзіну.
А вось школьнікі будуць адпачываць з 22 да 29 сакавіка ўключна – там у іх будуць вясновыя вакацыі.
Рэгістрацыя маёмасці па-новаму
З 1 сакавіка замацоўваецца прынцып поўнай экстэрытарыяльнасці дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці. Падаць заяву і дакументы можна будзе ў любой тэрытарыяльнай арганізацыі дзяржаўнай рэгістрацыі, незалежна ад размяшчэння абʼекту нерухомай маёмасці. Усе рэгістрацыйныя дзеянні будуць выконвацца паводле месца звароту заяўніка. Раней поўная экстэрытарыяльнасць дзеяла толькі ў Менску і Менскай вобласці. У астатніх рэгіёнах паводле такога прынцыпу толькі прымалі дакументы і выдавалі гатовыя.

Дзеці ў школе. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Рэпетыцыйнае тэставанне
Трэці этап рэпетыцыйнага тэставання стартуе 1 сакавіка. Ён прадоўжыцца да 30 красавіка. Рэгістрацыя ажыццяўляецца праз асабісты кабінет на сайце РІКВ, дзе ўдзельнікі вызначаюць прадмет, рэгіён і пункт правядзення. Тэставанне могуць здаваць не толькі 11-класнікі, але і навучэнцы 10-х і 9-х класаў.
Эксперымент у электразабеспячэнні нежылых памяшканняў
У Менску з 1 сакавіка пачнецца эксперымент у электразабеспячэнні нежылых памяшканняў шматкватэрных жылых дамоў, які мае прайсці да 31 снежня 2027 года. На час эксперыменту электразабеспячэнне нежылых памяшканняў, электраўстаноўкі якіх далучаныя да электрычнай сеткі РУП «Менскэнерга» апасродкавана праз унутрыдамавую электрасетку, ажыццяўляецца на падставе дамовы электразабеспячэння паміж «Менскэнерга» і ўласнікам нежылога памяшкання, а таксама пагаднення аб транзіце электраэнергіі паміж «Менксэнерга» і арганізацыяй ЖКГ гораду.
Пашыраць пералік прасочвальнасці тавараў
З 1 сакавіка будзе пашыраны пералік тавараў, звесткі пра абарот якіх ёсць прадметам нагляду. Яму цяпер будуць падлягаць пральныя і пасудамыйныя машыны, пыласосы, робаты-пыласосы, прасы, кухонныя камбайны, электрычныя дрылі, чайнікі, мультываркі, пліты і варачныя панэлі, мікрахвалёвыя печы, фены для валасоў, тэлевізары.
У субʼектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць абарот такіх тавараў, абавязаныя выкарыстоўваць электронныя накладныя, надаваць у адмысловы праграмны комплекс поўныя і дакладныя звесткі, весці колькасны ўлік тавараў.
Дзіцячыя садкі
У кожным раёне Беларусі з 1 сакавіка мусяць з’явіцца дзетсадаўскія групы для дзяцей да двух гадоў. Адпаведную пастанову прынялі ў Міністэрстве адукацыі. На вёсцы месцы будуць надавацца ў рознаўзроставых групах.

Дзіцячы садок. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Зменіцца маркіроўка адзення з футра
Таксама з 1 сакавіка таксама змяняецца парадак маркіроўкі прадметаў адзення з футра. Цяпер іх будуць маркіраваць кантрольнымі (ідэнтыфікацыйнымі) знакамі з RFID-пазнакамі да маркіроўкі сродкамі ідэнтыфікацыі ў фармаце Data Matrix GS1.
Зменяць правілы расследавання траўмаў на працы
З сакавіка пашыраецца кола асобаў і выпадкаў для расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці. У яго ўвайшлі адзіныя заснавальнікі (удзельнікі) юрыдычнай асобы пры выкананні імі функцый кіравання, якія навучаюцца або выконваюць аплатныя работы не толькі падчас практыкі, але і стажыроўкі, падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі ці павышэння кваліфікацыі не толькі ва ўстановах адукацыі, але і ў дзяржаўным органе.
Таксама цяпер будуць расследаваць, калі траўма адбылася па дарозе ў камандзіроўку ці назад. Выпадак прызнаюць невытворчым і грошы не выплацяць, толькі калі дакументы або запісы з камераў пацвердзяць, што прычына чыста медычная або інцыдэнт здарыўся падчас перапынку на абед без уплыву працы. Калі работнік загінуў, яго віну ўсталёўваць не будуць. Калі сярод прычынаў было алкагольнае або наркатычнае апʼяненне, доля віны складзе не менш як 50 %. Страхавыя выплаты змогуць прызначаць раней – паводле папярэдняга заключэння інспектара працы.
Змяняюць патрабаванні да казіно
З 11 сакавіка змяняецца парадак дзейнасці ў сферы гульнёвага бізнесу. Сярод іншага, будуць заблакаваныя плацяжы на замежныя сайты заблакуюць – гуляць можна будзе толькі на пляцоўках, што маюць ліцэнзію ў Беларусі.
На гульнёвых пляцоўках онлайн можна будзе стварыць толькі адзін акаўнт. Лішнія будуць блакаваць. Каб зарэгістравацца, гулец павінен будзе падаць арганізатарам дакументы і пацвердзіць асобу. Для онлайн-пляцовак гэта гэта можна будзе зрабіць або па відэа, або пры асабістым наведванні офлайн-казіно таго ж арганізатара. Без гэтага да ўдзелу ў азартных гульнях гульца не дапусцяць.
Гуляць можна будзе толькі са сваіх рахункаў і паводле сваіх дакументаў. Арганізатары будуць павінныя правяраць прыналежнасць картак, электронных кашалькоў, рахункаў гульцам і наяўнасць паўторна зарэгістраваных гульнёвых акаўнтаў. Выкарыстоўваць чужую банкаўскую карту, электронны кашалёк або дакументы будзе нельга: за парушэнне гэтай угоды могуць прызнаць несапраўднай, а грошы – сканфіскаваць.
Арганізатары таксама будуць правяраць сапраўднасць і непратэрмінаванасць пашпарта або іншага дакументу, які сведчыць асобу. У офлайн-казіно дакументы будуць правярацца двойчы: і пры ўваходзе, і пры ўносе грошай у касу.

Нацыянальны аэрапорт Менск. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Чартары ў арабскія краіны і В’етнам
«Белавія» з 10 сакавіка запусціць чартары ў Іярданію. Чартарная праграма ў горад Акаба працягнецца да канца траўня. Рэйсы з Менску будуць выконвацца кожныя 11 дзён. А з Берасця з 10 сакавіка арганізуюць першыя чартарныя рэйсы ў Катар, у Доху.
Акрамя таго, 31 сакавіка стартуюць рэгулярныя рэйсы з Менску і в’етнамскі Ня-Чанг (аэрапорт Кам-Рань).
Можна ездзіць без зімовых апонаў
З 1 сакавіка адмяняецца правіла, што абавязвае, каб на колах усіх транспартавых сродкаў, якія бяруць удзел у дарожным руху, абавязкова павінны былі зімовыя апоны.
Забарона лавіць шчупакоў
Амаль ува ўсіх рэгіёнах з 1 сакавіка (на Віцебшчыне – з 9 сакавіка) будзе забаронена лавіць шчупакоў у перыяд нерасту. Да 15 красавіка (у Віцебскай вобласці – да 23 красавіка) выпадкова злоўленага шчупака трэба будзе неадкладна выпусціць у тым жа месцы, дзе яго злавілі. За парушэнне прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў. Таксама прыйдзецца заплаціць 9 б. в. за кожнага вылаўленага шчупака. Калі шкода перавысіць 100 б. в., надыходзіць крымінальная адказнасць.
Таксама ў Беларусі да 31 сакавіка забаронены вылаў сома, але затое з 1 сакавіка можна зноў будзе лавіць ментуза.
Зменшыцца дапамога на пахаванне
Дапамога на пахаванне ў сакавіку ў параўнанні з лютым стане менш на 355 рублёў 60 капеек, або 11,4 %. Грашовая дапамога на арганізацыю пахавання ў першы месяц вясны складзе 2757 рублёў 10 капеек. Зніжэнне звязанае з падзеннем сярэдняга заробку за студзень, бо памер выплаты прывязаны да сярэдняй заработнай платы ў краіне за пазамінулы месяц.
Якуб Хруст belsat.eu
