
Кадр з узламанай “Кіберпартызанамі” камеры / by.cpartisans.org
Хакерская групоўка “Кіберпартызаны” атакавала камп’ютарную сетку гродзенскага “Хімвалакна”. Гэтае прадпрыемства рэгулярна абыходзіць санкцыі Еўрасаюза і пастаўляе тэхнічную поліамідную нітку ў РФ. Гэты матэрыял выкарыстоўваецца для вытворчасці тканін ваеннага прызначэння (бронекамізэлек, бранешлемаў).
Атака на прадпрыемства пачалася 24 лютага — у гадавіну поўнамаштамбнага расійскага ўварвання ва Украіну.
“Кібераперацыя заняла каля сутак, на працягу якіх мы бесперашкодна праніклі ў сетку прадпрыемства і атрымалі поўны кантроль ўзроўню адміністратара дамена. У ноч з 25 на 26 лютага мы праніклі ў самы абаронены сегмент ІТ інфраструктуры — ЦАД. Усе 8 сервераў знішчаныя, уключаючы дзясяткі найважнейшых віртуальных машын на іх”, — заяўляюць “Кіберпартызаны”.
Удзельнікі групы заяўляюць, што вывелі з ладу дамен-кантролеры, серверы, віртуальныя машыны і працоўныя станцыі. А некаторыя прылады яны зарадзілі “кібербомбачкамі”. Агулам хакеры атрымалі доступ прыкладна да 1000 камп’ютараў, а таксама часткі сервераў, якія ўдзельнічаюць у тэхнічных працэсах.
Паведамляецца, што ў выніку была парушаная офісная праца, бухгалтэрыя, маркетынг і продаж, адгрузка, тэхнічныя і адміністрацыйныя працэсы. Пад хакерскую атаку трапілі таксама сістэмы і базы ERP, карпаратыўная пошта, дакументаабарачэнне Directum, сістэмы рэзервовага капіявання ды інш. На аднаўленне, як заяўляюць “Кіберы”, спатрэбяцца тыдні, а частка даных страчаная незваротна.
Таксама хакеры ўзламалі сістэмы аховы і відэаназірання.
“Мяркуючы па здымках з камер, склады “Хімвалакна” вельмі перапоўненыя. Звычайна гэта індыкатар праблем з продажам прадукцыі”, — заяўляюць яны.
Еўрарадыё
