
Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на сакавік 2026 году.
1 сакавіка
460 гадоў таму (1566) – Набыў законную сілу Другі Статут ВКЛ.

445 гадоў таму (1581) – Створаны Галоўны літоўскі трыбунал – вышэйшы судовы і апеляцыйны орган у ВКЛ.
2 сакавіка
130 гадоў таму (1896) – У мяст. Поразава (Сьвіслацкі р-н) нарадзіўся Станіслаў Глякоўскі (загінуў у Бухенвальдзе, паводле інш. зьвестак расстраляны ў Менску ў 1941 г.), беларускі каталіцкі духоўнік, грамадзка-культурны дзеяч, выдавец, публіцыст.

3 сакавіка
Сусветны дзень пісьменніка.
30 гадоў таму (1996) – Гарадзенскі “Нёман” (трэнер Анатоль Варывончык) стаў першым чэмпіёнам Усходнееўрапейскай хакейнай лігі.
4 сакавіка
70 гадоў таму (1956) – Выйшаў першы нумар газеты “Ніва”, тыднёвіка беларусаў у Польшчы. У розныя гады ў газеце друкаваліся многія гарадзенскія літаратары і публіцысты.
7 сакавіка
95 гадоў таму (1931) – У Менску памёр Павел Дземідовіч, беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, педагог. Працаваў пэўны час у Наваградскім павеце.

8 сакавіка
125 гадоў таму (1901) – У в. Трашчычы (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Аляксандар Карповіч, беларускі выдавец, актывіст КПЗБ.
10 сакавіка
315 гадоў таму (1711) (верагодна 12.03) – У Караляўцы нарадзіўся Міхал Антон Сапега, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, перакладнік, літаратар. Жыў у Слоніме.
245 гадоў таму (1781) – У Менску памёр Міхал Карыцкі, паэт, грамадзкі дзеяч, педагог. Нараджэнец в. Дзітрыкі (Лідзкі р-н).
100 гадоў таму (1926) – У в. Глоўсевічы (Слонімскі р-н) нарадзіўся Васіль Супрун, беларускі паэт, краязнавец, археолаг, вязень ГУЛАГу.

11 сакавіка
115 гадоў таму (1911) – У в. Трашчыцы (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Леў Гарошка, асьветнік, уніяцкі рэлігійны дзеяч, гісторык, выдавец, пісьменьнік, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія, Ватыкан).
100 гадоў таму (1926) – У Браславе памёр Станіслаў Нарбут, беларускі лекар, вучоны-медык, мецэнат. Пахаваны на браслаўскай замкавай гары. Нараджэнец маёнтку Шаўры (Вараноўскі р-н).
12 сакавіка
210 гадоў таму (1816) – У маёнтку Дубай каля Пінску памёр Вінцэнт Тышкевіч (нар. у 1757 г. у мясцовасьці Панямонь, цяпер Таўрагскі пав., Летува), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, рэфарматар Сьвіслачы, дзе жыў значны час.
155 гадоў таму (1871) – У г. Пуацье (Францыя) памёр Леанард Ходзька, гісторык, публіцыст, выдавец. Пахаваны на шпітальных могілках. Быў сакратаром кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, пакінуў малюнкі Залесься на Смаргоншчыне.
40 гадоў таму (1986) – У Гародні створаны гісторыка-культурны клуб “Паходня”.
35 гадоў таму (1991) – У Гародні на вуліцы Замкавай адкрыта мемарыяльная дошка на месцы ўваходу ў былое гета, на адкрыццё з ЗША прыехаў фундатар знаку Фелікс Зандман.
13 сакавіка
10 гадоў таму (2016) – У Шчучыне памёр Васіль Бязьмен (нар. у в. Багудзенка, Наваградзкі р-н) актывіст беларускага грамадзкага руху, лекар, з 1993 г. жыў і працаваў у Шчучыне, пахаваны на новых гарадзкіх могілках.
15 сакавіка
Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
105 гадоў таму (1921) – У бежанстве ў Томску (Расея) нарадзіўся Васіль Мялешка, беларускі гісторык. Маленства і школьныя гады правёў у в. Мяльканавічы (Слонімскі р-н).
16 сакавіка
35 гадоў таму (1991) – У Гародні створаны камерны аркестар, першыя канцэрты якога прайшлі ў музеі гісторыі рэлігіі.
18 сакавіка
235 гадоў таму (1791) – Прыняты закон “Аб вольных гарадах у Рэчы Паспалітай”.
105 гадоў таму (1921) – Паміж РСФСР і Польшчай была падпісана Рыская дамова, якая падзяліла Беларусь тэрытарыяльна.
105 гадоў таму (1921) – У в. Краснае (Бераставіцкі р-н) нарадзіўся Аляксандар Палубінскі, беларускі краязнавец, педагог. Жыў і працаваў у Бераставіцкім і Сьвіслацкім раёнах.
20 сакавіка
130 гадоў таму (1896) – У Смаргоні нарадзіўся Майсей Кульбак, яўрэйскі пісьменьнік.
21 сакавіка
Сусьветны дзень паэзіі
Міжнародны дзень лясоў
22 сакавіка
Сусьветны дзень водных рэсурсаў
25 сакавіка
155 гадоў таму (1871) – У Цьверы нарадзіўся Марыян Абрамовіч, рэвалюцыянер-народнік, публіцыст, дзеяч культуры. Вывучаў на Наваградчыне беларускую мову.
110 гадоў таму (1916) – У Цырыне (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Барыс Сладкоўскі, актывіст беларускай эміграцыі (Канада).
27 сакавіка
Сусьветны дзень тэатра
28 сакавіка
140 гадоў таму (1886) – У Любяшове (цяпер Валынская вобл., Украіна) памёр Уладзіслаў Борзабагаты, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гг., лекар, мемуарыст. Нараджэнец маёнтку Рутка (Наваградзкі р-н).
29 сакавіка
30 гадоў таму (1996) – У гарадах Беларусі прайшла серыя акцый супраць інтаграцыі Беларусі і Расеі.
30 сакавіка
95 гадоў таму (1931) – У мяст. Новы Сьвержань (Стаўпецкі р-н) нарадзіўся Аляксей Пяткевіч,беларускі грамадзка-культурны дзеяч, педагог, літаратуразнавец. Жыў і працаваў з 1957 г. у Гародні.
31 сакавіка
635 гадоў таму (1391) – Гародня прывілеем Ягайлы атрымала магдэбургскае права.
95 гадоў таму (1931) – У в. Бацюты (Беласточчына) нарадзіўся Мікалай Несцярэўскі, беларускі педагог, мастак, скульптар. Пасьля вайны жыў, вучыўся і працаваў у Дзятлаве. Памёр у Менску 25 сакавіка 2021 г. Пахаваны ў Дзятлаве.
