Палітыка і пісьменніка Паўла Севярынца затрымалі сёмага чэрвеня 2020 года каля яго дома. Амаль два месяцы яго ўтрымлівалі аднаго ў карцары ІЧУ ў нечалавечых умовах. Жахлівае масавае збіццё пратэстоўцаў у дворыку ізалятара на Акрэсціна пасля прэзідэнцкіх выбараў Павел назіраў праз вакно камеры. Палітыка асудзілі на сем гадоў калоніі за “падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках”. Тэрмін палітвязень адбываў спачатку ў ПК № 17, затым у гродзенскай турме № 1. У снежні 2025 года яго разам з групай іншых палітзняволеных памілавалі і прымусова вывезлі з Беларусі.

Павел распавёў “Вясне”, як у чэрвені 2020 года на Акрэсціна рыхтавалі камеры для масавых затрыманняў, як у ШІЗА ад пастаяннага холаду арганізм пачынае жэрці сам сябе, а таксама пра турэмны фальклор пра Паўла Севярынца і царкоўныя гурткі ў няволі.

75 сутак у бетонным мяшку

Паўла Севярынца затрымалі ў чэрвені 2020 года ў Мінску. У ІЧУ на Акрэсціна ён прабыў 75 сутак, з якіх большую частку часу ўтрымліваўся у карцары два на тры метры. Там ён зазнаў здзекі і жорсткае абыходжанне з боку супрацоўнікаў ізалятара. Праз вакно камеры бачыў жорсткае масавае збіццё пратэстоўцаў у першыя дні пратэстаў 2020 года.

“Мяне захапілі ў двары майго дома і павезлі спачатку ў Фрунзенскі РАУС, а затым у ізалятар часовага ўтрымання. Пасля першага адміністрацыйнага суда мяне завялі ў карцар два на тры метры і забралі ўсе рэчы, нават зубную шчотку. Там проста адшпільваецца нара і ўсё. То-бок, трымалі проста ў бетонным мяшку. У карцары адключылі ваду, і мяне раз на тыдзень выводзілі ў іншую камеру з вадой, каб папіць, памыцца і не памерці ад абязводжання”.

Суразмоўца ўзгадвае пра сумнавядомыя шостую і сёмую камеры ІЧУ, праз якія праходзяць амаль усе затрыманыя па палітычных нагодах. У карцары Паўла ўтрымлівалі аднаго. Але як пазней распавядалі праваабаронцам шматлікія экс-палітзняволеныя, у маленькіх аднамесных памяшканнях часта ўтрымліваюць больш за дзесяць чалавек, нярэдка падсяляюць бяздомных або асобаў з псіхічнымі разладамі. У такіх умовах зняволеным даводзіцца спаць па чарзе, у тым ліку на ўнітазе, зэдліках і пад сталом, бо не хапае месца.

“У той “камеры з вадою”, куды мяне выводзілі раз на тыдзень памыцца, сядзеў “спецыяльна навучаны чалавек”, які распытваў, як мой настрой і як даўся гэты тыдзень. То-бок, ён збіраў інфармацыю”.

“Рыхтаваліся пхаць туды максімальную колькасць людзей”: як у ІЧУ правяралі камеры перад масавымі затрыманнямі ў 2020-м

Як распавядае Павел, яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года супрацоўнікі ІЧУ хадзілі па ізалятары і правяралі ўмовы розных камер, рыхтуючыся да масавых затрыманняў.

“Калі я быў у той камеры з вадою, то бачыў, як па ізалятары хадзіла цэлая дэлегацыя, правярала вентыляцыю, пралічвала квадратныя метры, колькі ў якой камеры можа змясціцца людзей. Яны былі гатовыя пхаць туды максімальную колькасць людзей. За два месяцы да выбараў”.

Не самагубства, а спроба прыцягнуць увагу – гісторыя з парэзанымі рукамі

На трэці дзень пасля затрымання Павел даведаўся, што ў суседняй камеры ўтрымлівалі затрыманую актывістку і рэжысёрку Вольгу Мікалайчык без вады і асабістых рэчаў. Каб прыцягнуць увагу да гэтай сітуацыі, палітык вырашыў парэзаць сабе рукі. Жанчына правяла ў карцары 22 дні і моцна захварэла.

“Гэта не была спроба самагубства, а спроба прыцягнуць увагу да Вольгі Мікалайчык, якую пакінулі без вады і без асабістых рэчаў. Пра парэзаныя рукі стала вядома прыкладна 17 чэрвеня на чарговым адміністрацыйным судзе. Працэс адбываўся анлайн праз Skype, бо пандэмія. Людзям у судовай зале былі бачныя мае рукі. Тады я сказаў пра нялюдскія ўмовы ўтрымання”.

У карцар заводзілі 40 мужыкоў, каб скарыстацца туалетам без вады

Пасля таго, як Павел у знак пратэсту парэзаў сабе рукі, на яго пачалі аказваць дадатковы ціск. У дворык ІЧУ прывозілі вялікую колькасць затрыманых, якіх адмыслова працяглы час не пускалі ў прыбіральню, а потым заводзілі ў карцар.

“Яны пачыналі крычаць, каб іх вывелі ў прыбіральню. Тады мяне выводзілі ў суседні карцар, а іх заводзілі ў мой. Ясна, што могуць зрабіць у прыбіральні без вады 40 мужыкоў, якія доўга цярпелі. Пасля мяне заводзілі ў гэтую камеру. Я кажу, што мне няма чым дыхаць. Яны ў адказ высаджваюць у карцэр флакон асвяжальніка паветра. Пасля гэтага хоць ты там памры. Я поўзаў па падлозе, бо не было чым дыхаць. Вакно было закручана і адчыніць яго было нельга”.

У ІЧУ Паўла не вадзілі ў лазню каля 50 дзён, распавядае суразмоўца.

“Бліжэй да выбараў яны ўсё ж такі адвялі мяне памыцца. Два месяцы я не галіўся і быў, як Фідэль Кастра”. 

“З вакна камеры бачыў, як людзей збівалі запар некалькі сутак”: 9-10 жніўня 2020 года на Акрэсціна

Падчас прэзідэнцкіх выбараў Паўла перавялі на трэці паверх ізалятара ў камеру з двума людзьмі, якія чакалі дэпартацыі. Там палітык сустрэў жахлівыя жнівеньскія падзеі, а масавае збіццё пратэстоўцаў часткова бачыў праз вакно.

“У камеры былі два чалавекі, якія чакалі дэпартацыі. Я адразу пабачыў, што яны супрацоўнічалі з адміністрацыяй. Да іх прыходзіла жанчынка з міграцыі, якой яны злівалі інфармацыю і пасля вярталіся ў камеру. Там я сустрэў 9-10 жніўня. З вакна гэтай камеры было бачна двор, у які заводзілі людзей, выгружаных з аўтобусаў і збівалі. Збівалі некалькі сутак запар. Далі магчымасць чыніць абсалютна ўсё, далі дазвол на самае жорсткае збіццё, адзінае, што, напэўна, не дазвалялі забіваць.

Я ясна разумеў, што калі зараз гукну “Жыве Беларусь!”, адразу ўварвецца спецназ, выцягнуць з камеры і пачнуць збіваць. Адзінае, што я мог, гэта маліўся. Спачатку за тых, каго збівалі, затым за тых, хто збіваў, каб іх сэрцы неяк направіць”.

Спецкалідор Валадаркі і камера, дзе сядзеў Ціханоўскі

Пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту ў ІЧУ Паўла перавялі ў Цэнтр ізаляцыі парушальнікаў (ЦІП), пасля чаго завялі крымінальную справу.

“20 жніўня да мяне прыехалі два следчыя і паведамілі пра завядзенне крыміналкі за “арганізацыю масавых беспарадкаў” (арт. 293 КК). Праз пару дзён мяне перавезлі на Валадарку. Там мяне павадзілі па розных камерах, пасля чаго змясцілі ў 101 камеру ў так званым спецкалідоры, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя да пажыццёвага зняволення. Ведаю, што ў той камеры перада мной сядзеў Сяргей Ціханоўскі”.

Як мяркуе суразмоўца, у сценах 101 камеры былі характэрныя пустоты, праз якія вялі аўдыёзапіс размоўваў палітвязня.

“Па пераводзе на Валадарку ўмовы змяніліся ў лепшы бок. Нават не стаў бы казаць пра нейкія дрэнныя моманты ў СІЗА. У параўнанні з Акрэсціна гэта была драбяза. Гэта было як калісьці на сутках у пачатку 2000-ых”.

“Месяцы тры-чатыры пасля забойства Вітольда адміністрацыя стрымлівала рэпрэсіі”

Пяць месяцаў перад пераводам у калонію Паўлу давялося сядзець у Магілёве ў чаканні разгляду апеляцыйнай скаргі. Там яго паставілі на два прафілактычныя ўлікі: “схільнасць да нападу на адміністрацыю, захопу закладнікаў і іншых праяваў гвалту” і звычайны палітычны “схільнасць да экстрэмізму”, распавядае герой.

“Ужо там я даведаўся, што ў шклоўскай калоніі № 17, куды мяне збіраліся накіроўваць, забілі Вітольда Ашурка. Па прыездзе ў калонію адчувалася, што адміністрацыя сама ў шоку ад гэтай гісторыі”.

Звычайна, калі палітвязні толькі трапляюць у калонію, яшчэ ў карантыне ім адразу прызначаюць парушэнні па надуманых прычынах і адпраўляюць на некалькі сутак у ШІЗА.

“Месяцы тры-чатыры пасля забойства Вітольда адміністрацыя стрымлівала тыя рэпрэсіі, якія звычайна ладзіліся ў дачыненні палітычных. Таму карантын я прайшоў адносна спакойна, і мяне перавялі ў жылую зону”.

У калоніі Паўла адразу паставілі на цяжкую працу – на пілараме цягаць бярвенні.

“Першыя месяцы тры-чатыры было яшчэ нармалёва, калі можна так сказаць пра беларускую калонію. Недзе напачатку 2022 года ў іх ужо пачалася “праца”.

“Не стаў маўчаць і сказаў, што Расія агрэсар”

У лютым 2022 года, калі толькі пачалося поўнамаштабнае ўваравнне Расіі ва Украіну, вязняў сабралі на лекцыю, каб патлумачыць, хто ў ёй “вінаваты”. Маўляў, Україна справакавала Расію. Павел адразу выказаў сваю пазіцыю, за што зазнаў дадатковы ціск з боку адміністрацыі.

“Калі пачалася вайна, у атрадзе ўсіх сабралі на лекцыю. Начальнік атраду адразу сказаў, што вінаватая Україна. Ну, думаю, мярзота! Не стаў маўчаць і сказаў, што Расія агрэсар. Частка вязняў таксама былі абураныя вайной. Яны выказаліся следам за мною. Тады мне пачало “прылятаць”.

Паўла некалькі разоў пазбаўлялі спатканняў і перадачаў, сфабрыкавалі больш за 20 парушэнняў і прызначылі статус “злоснага парушальніка рэжыму”.

“Вось прыклад, як гэта робіцца. Аднойчы, калі я працаваў на пілараме, майстар мне загадаў выйсці за лакальны ўчастак і прынесці вядро пяску. Толькі я выходжу за межы “лакалкі”, мяне ўжо чакаюць два паставыя з пытаннем, чаму я выйшаў без дазволу. А майстар сказаў, што нічога мне не загадваў”.

“Пайшоў да атрадніка ў тапках”: абсурдныя парушэнні ў калоніі

Суразмоўца распавядае пра некалькі са шматлікіх абсурдных парушэнняў, якія яму прызначалі, каб затым адправіць у ШІЗА.

“Выклікаюць да начальнкіа атраду. У самім атрадзе забаронена хадзіць у вулічным абутку, бо калідор і “кубрыкі” некалькі разоў на дзень прыбіраюць. Разуваюцца ў сушылцы перад уваходам у атрад. У самім атрадзе абсалютна усе ходзяць у тапках. Натуральна, у гэтых тапках пайшоў у кабінет атрадніка – як заходзяць усе. Але ты – ня ўсе, дружа. Ён мяне раптам пытае, чаму я не ў абутку ўстаноўленага ўзору. Нагадваю яму, што  мы не ходзім у атадзе ў ботах, каб не брудзіць. Але ўсё адно мне за гэта выпісваюць чарговае парушэнне”.

Пасля чарговага дзяжурства днявальным Павел пайшоў у сушылку, дзе пакіуў сваё адзенне. Адразу пасля гэтага ў памяшканне ўвайшлі два вязні і адарвалі гузік з яго адзення.

“Праз хвіліну ўсіх раптоўна клічуць на праверку ў лакальны ўчастак для пераліку. Я забягаю ў сушылку, апранаю вопратку і бачу, што верхні гузік абарвалі. Ясна, што гэта адразу парушэнне. На праверцы палітычныя заўсёды стаяць спераду і ўсё адразу бачна”.

Пазычыў кепку – на тры месяцы змясцілі ў ПКТ

“Па вяртанні з цэху ў бытоўку да нас падыходзіць супрацоўнік і пытае, хто сёння дзяжурны. На пілараме звычайна вісіць графік прыборкі, паводле якога я ў той дзень не дзяжурыў. То я нават туды і не глядзеў. Супрацоўнік кажа, што сёння мая чарга. Аказваецца, пакуль мы былі ў цэху, брыгадзір павесіў новы графік з маім прозвішчам на той дзень. Цырк! Так, за “непрыбраную бытоўку” мне далі чарговае парушэнне. Агулам там рэдка хто наогул прыбірае, але для таго, каб была магчымасць “адстраліць” патрэбнага вязня, там вісіць гэты графік”.

Як распавядае суразмоўца, нават калі палітвязень будзе прытрымлівацца ўсіх магчымых правілаў, супрацоўнікі калоніі ўсё адно знойдуць, да чаго прычапіцца, каб выпісаць парушэнне.

“Ідзе атрад калонай у сталоўку, насустрач супрацоўнік. У “страі” не размаўляюць – адразу парушэнне. А калі не павітаешся з супрацоўнікам – парушэнне, бо не павітаўся. Такім чынам, вязень ня мае аніякіх шанцаў. Самы пашыраны і стоадсоткавы прыём”.

Аднойчы ў Паўла проста скралі галаўны ўбор, без якога нельга выходзіць з атраду. Ён пазычыў запасны ў іншага вязня. “Актывісты” адразу распавялі пра гэта адміністрацыі. За гэтае “парушэнне” (называецца “отчуждение”) Паўла на тры месяцы змясцілі ў ПКТ.

“Калі не пасадзіш сэрца, арганізм пачынае жэрці страўнік”: катаванні ў ШІЗА

Агулам у ШІЗА Павел правёў каля шасці месяцаў, у ПКТ – тры. У адзіночнай камеры магілёўскай турмы палітвязня ўтрымлівалі сумарна каля дзевяці месяцаў, запар 38 сутак Павел правёў у штрафным ізалятары ў Гарадзенскай турме.

Суразмоўца выказвае меркаванне, чаму палітвязняў у камерах ШІЗА ўтрымліваюць адмыслова ў адзіночках, акрамя сацыяльнай ізаляцыі.

“Агулам камеры, скажам, у Шклове разлічаныя на некалькі чалавек. Але калі цябе садзяць туды аднаго, асабілва ўзімку, там немагчыма абагрэць прастору ўласным целам. Нават калі ты займаешся спортам круглыя суткі, ты не прагрэеш такое памяшканне. Падчас спартавання, нават калі ты не пасадзіш сэрца, арганізм пачынае жэрці страўнік. Ня спіш, цела губляе вагу, цяпло і калорыі з кожным днём, выступаюць косці. Месяц-другі пасядзеў у ШІЗА, і суставы вылятаюць. Ніколі ў жыцці ў мяне не было з гэтым праблемаў. А пасля ты адразу ідзеш на цяжкую працу на пілараму. Катаванні холадам – звычайная рэч у ШІЗА. Гэта такі квэст на выжыванне”.

Павел параўноўвае цяперашнія ўмовы зняволення з турэмным досведам 2000-х і кажа, што цяпер галоўны від катаванняў – гэта холад.

“У турме чалавека можна нават не кранаць рукамі, а проста ўвесь час трымаць яго ў холадзе і холад зробіць усё, што не зробяць касталомы”.

У лютым 2023 года на пятыя суткі адзіночнага зняволення ў ШІЗА ў былога палітвязня пачаліся галюцынацыі. Таксама былі ночы, калі Павел думаў, што не дажыве да світанку, распавядае герой.

“Але Бог дае мне выпрабаванні і з дапамогай малітвы я гэта ўсё перажыў. Як гэта парадаксальна не прагучыць, але ў ШІЗА ідэальныя ўмовы для таго, каб быць сам насам з Богам. Для мяне як для верніка быў і плюс у тым, што там адбывалася”.

“Псіхалагічнае цкаванне пастаўлена на шырокую нагу”

Акрамя катавання холадам да Паўла падсажвалі вязняў з псіхічнымі разладамі, якія ладзілі дадатковы ціск, а супрацоўнікі калоніі і вязні, якія працуюць на адміністрацыю, наўмысна правакавалі палітвязня на канфлікт.

“24/7 даводзілася знаходзіцца ў адной камеры з гэтымі людзьмі. Часам гэта было проста немагчыма. Ты ўвесь час пільнуеш, як бы без наступстваў устаць з нары, павярнуцца, куды паставіць сваю талерку, кубак ці можа наогул лепей іх не ставіць – бо любая драбяза выкарыстоўвалася для правакацыяў. А то ў падсаднога кліента у самога зносіць галаву, ён можа нарабіць бяды, махаць рукамі, кідацца, а потым трэба будзе сядзець месяцамі разграбацца ў ШІЗА. І ты так сядзіш дзень, тыдзень, месяц, год. Ясна, што ўсё гэта зношвае арганізм.

Псіхалагічнае цкаванне пастаўлена на шырокую нагу. Напрыклад, пасля візіту да опера прыходзіць “стукач” і пачынае на ўсё горла ганіць Беларусь, бчб і так далей і чакае тваёй рэакцыі. Калі рэакцыі не наступае, пераключаюцца на штосьці іншае, больш асабістае. Бывала, што цябе ўтрох спрабуюць вывесці з раўнавагі ў закрытым памяшканні, а ты нават нікуды не можаш выйсці. Затое я добра загартаваўся – Бог абярнуў зло на дабро”.

У ШІЗА камеры Паўла адмыслова далі “нешчаслівы” нумар 13

Павел Севярынец – праваслаўны вернік Канстантынопальскага патрыярхату. У калоніі была праваслаўная царква, якую наведвалі таксама каталікі і пратэстанты. Спачатку ў царкву пускалі ў тым ліку і палітвязняў, але з пачаткам вайны пачаліся абмежаванні, рапавядае суразмоўца.

“Палітвязням забаранілі наведваць агульныя царкоўныя сходы. Можна было хадзіць у царкву толькі тады, калі гэта вызначана ў атрадзе. А ў атрадзе хадзілі ў царкву добра, калі тры-чатыры чалавекі. То-бок, у царкве не было магчымасці сустрэцца з кімсьці з іншых атрадаў”.

У шклоўскай ПК № 17 была магчымасць сустракацца па відэасувязі з евангельскім прапаведнікам. Паўла дапусцілі да рэлігійнага спаткання толькі аднойчы. У гродзенскай турме палітвязню не дазвалялі браць у ШІЗА Новы запавет.

“Штораз, калі мяне змяшчалі ў ШІЗА, я намагаўся ўзяць туды Новы запавет. Але ўсё марна. Як пазней даведаўся ад іншых палітвязняў, у бібліятэках пачалі вымаць усе кнігі на беларускай мове, у тым ліку і духоўную літаратуру”.

Кантралёры дадаткова правакавалі вернікаў, кажа герой. Маглі, напрыклад, парваць абразок на сцяне ў бытоўцы. “Вам што, царквы мала?” – казалі супрацоўнікі калоніі.

“У ШІЗА быў такі выпадак, што проста і смех і грэх. Мне штодня загадвалі даваць даклад, нібы я сяджу ў камеры № 13, хаця я сядзеў у камеры № 21. Яны думалі, што калі 13 камера, то гэта нешчаслівая лічба і я гэтага неяк спалохаюся. То-бок, камеру перайменавалі адмыслова для мяне ў 13. Гэта толькі паказвае іх узровень мыслення”.

“Турэмны фальклор” пра Паўла Севярынца і царкву

Іншыя былыя вязні пасля вызвалення распавядалі, што Павел Севярынец нібы збіраў у царкве гурткі палітвязняў на беларускай мове, пасля чаго на набажэнствы пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі. Суразмоўца распавядае, як было насамрэч.

“Гэта хутчэй турэмны фальклор. Напрыклад, як звычайна тлумачаць абмежаваннні правоў асуджаных у зоне: “Вось, ваш Севярынец заехаў і пасля яго пачаліся такія і сякія абмежаванні”. У рэальнасці там ніякага гуртка не было. Мы сапраўды маглі перамовіцца двума-трыма словамі з асуджанымі з іншых атрадаў, але гэта было паўсюдна і даволі акуратна. Увогуле, у царкве час знаходжання строга рэгламентаваны. У любы момант можа зайсці супрацоўнік і праверыць. Таму ясна, што ніхто там асабліва не шчыруе з размовамі”.

 Часам Павел збіраўся з двума-трыма вязнямі для малітвы на прамзоне.

Адзіная магчымасць адсвяткаваць Вялікдзень – тэлетрансляцыя ў “ленкомнаце”

Як распавядае суразмоўца, патрапіць на начную тэлетрансляцыю вялікоднага набажэнства была фактычна адзінай магчымасцю адзначыць свята ў шклоўскай калоніі.

“Калі пачынаецца начная велікодная служба, могуць дазволіць дзве гадзіны з 22 да 24 пасля адбою паглядзець у “ленкомнаце” трансляцыю. Некалькі чалавек з нашага атраду так рабілі. Хаця назаўтра пад’ём а шостай раніцы і ты адбіраеш у сябе сон. Двойчы і ў мяне атрымлівалася патрапіць – на Раство і Вялікдзень. Спіс удзельнікаў асобна зацвярджаецца кіраўніцтвам калоніі, таму апошнія разы мне ўжо забаранялі”.

– Хлопцы, давайце разам пачытаем Біблію.

– Не, не, не.

Падчас знаходжання ў гродзенскай турме № 1 Павел некалькі разоў пісаў заяву на сустрэчу са святаром, каб паўдзельнічаць у літургіі, паспавядацца і прычасціцца, але за два гады яму гэта так і не дазволілі.

У 2021 годзе ў магілёўскай турме, яшчэ перад змяшчэннем у калонію, практычна кожны дзень Павел з іншымі сукамернікамі чыталі па аднаму раздзелу з Бібліі і гэта не забаранялася, кажа герой. У гродзенскай турме такой магчымасці ўжо не было.

“Ясна, што са мною там сядзелі “спецыяльна навучаныя людзі”. Відаць, іх папярэдзілі, маўляў, не вядзіцеся на гэтыя севярынцавы прамовы. Зараз ён зменіць чалавека, перапрашые яго ў хрысціянскім плане. Таму гэта адарзу адсякалася. Я кажу сукамернікам: “Хлопцы, давайце, пачытаем разам Біблію”. Яны: “Не-не-не!”.

Павел як актыўны праваслаўны вернік падсумоўвае, што рэлігійныя правы ў месцах зняволення не выконваюцца.

“Ты, канечне, можаш прыватна, бязгучна маліцца і на пілараме, і нават седзячы на лекцыі з супрацоўнікамі адміністрацыі. Але цяжкасці з рэлігійным жыццём у няволі безумоўна ёсць. І зараз, напэўна, яны яшчэ большыя, чым у часы маёй ранейшай адсідкі. Нажаль, гэта сістэмна і паўсюль. Дэкларуецца, што вязні нібы могуць мець доступ да спаўнення рэлігійных абрадаў. Ды не канешне, гэта не забяспечваецца”.

“Калі да беларускай мовы чапляліся, то замаўкаў, але на расейскую не пераключаўся”

У месцах няволі беларускамоўныя палітвязні трапляюць пад асаблівую ўвагу супрацоўнікаў калоніі. Як распавядалі шматлікія экс-палітзняволеныя, за выкарыстанне роднай мовы яны зазнавалі дадатковы ціск, кпіны і здзекі ад кантралёраў, “актывістаў”, адміністрацыі калоніі і непалітычных вязняў. Шмат каму ў мэтах бяспекі даводзілася ў зняволенні пераходзіць на русскую мову. Павел Севярынец – даўні прыхільнік беларушчыны – распавядае, ці зазнаваў праблемы за размовы на беларускай мове і ці пераходзіў на рускую.

“Калі да беларускай мовы чапляліся, то замаўкаў, але на расейскую не пераключаўся. Бо там варта адзін-два разы перайсці, на гэта ўжо будуць націскаць і патрабаваць гаварыць толькі па-расейску. Калі трэба было чытаць “даклад”, то заўсёды па-беларуску. Здзіўлены, але не сустракаў ад начальнікаў калоніі ці турмы, хто б мне за беларускую мову адкрыта прад’яўляў. Галава ж ёсць, медыйная асоба, яны разумеюць, што рана ці позна выйдзе – распавядзе. Патрабаваць гаварыць па-руску маглі аператыўнікі, кантралёры: “Калі ўжо пераключацца, будзем? Да ты закалябаў. Вас усіх палякі папсавалі. Нармальныя беларусы размаўляюць па-руску”. Карацей, проста ахінея. Я тады ў адказ пытаў, на якой мове яны спяваюць дзяржаўны гімн. І тут іх пачынала клініць. Так увесь тэрмін і прайшоў па-беларуску”.

spring96.org