Пашпарт Новай Беларусі / прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Ніводзін замежнік не быў пазбаўлены міжнароднай абароны праз пашпарт Новай Беларусі. Такі адказ на свой запыт Еўрарадыё атрымала ад прэс-сакратаркі Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Катажыны Сівак.

“Паведамляю вам, што ніводзін замежнік, які карыстаецца такім падарожным дакументам [гаворка ў запыце ішла пра пашпарт Новай Беларусі. — Еўрарадыё], не быў пазбаўлены міжнароднай абароны на гэтай падставе. Упраўленне па справах замежнікаў пільна разглядае ўсе выпадкі, калі ёсць падазрэнне, што замежнік, які знаходзіцца пад міжнароднай абаронай, вярнуўся ў краіну свайго паходжання, або калі могуць існаваць іншыя падставы для пазбаўлення міжнароднай абароны”, — гаворыцца ў адказе.

На мінулым тыдні праваабаронцы заявілі, што пашпарт Новай Беларусі можа стварыць праблемы, калі карыстальнік:
— прад’яўляе такі дакумент як сапраўдны;
— выкарыстоўвае яго для пацвярджэння асобы;
— атрымлівае на яго падставе паслугі ці правы.

Сцвярджалася, што пры такім выкарыстанні пашпарта Новай Беларусі можа пагражаць пазбаўленне міжнароднай абароны і крымінальная адказнасць.

Еўрарадыё