
27 лютага паводле рашэння беларускага КДБ арганізацыя «Беларускі ПЭН» была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем».
Адпаведны запіс з’явіўся ў спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў», які вядзе Міністэрства ўнутраных справаў, піша «Вясна».
Разам з гэтым у пераліку з’явіліся і сацыяльныя сеткі арганізацыі – у Facebook, X, Instagram, Telegram, YouTube, а таксама сайт «Беларускага ПЭНу».
Беларускі ПЭН быў заснаваны ў 1989 годзе. Гэта адна з найстарэйшых беларускіх праваабарончых арганізацый, яна адстойвае свабоду выказвання, змагаецца супраць праяваў нянавісці і прыцягвае сусветную ўвагу да парушэння правоў чалавека ў Беларусі – у тым ліку культурных правоў.
Беларускі ПЭН аб’ядноўвае пісьменнікаў, паэтаў, журналістаў, публіцыстаў і іншых людзей слова, а таксама займаецца адвакацыяй іхных правоў у зняволенні, вядзе спіс літаратуры, прызнанай экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Абое беларускія нобелеўскія лаўрэаты – Святлана Алексіевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі – сябры Беларускага ПЭНу.
