70 гадоў таму – 4-га сакавіка 1956 года – у продажы з’явіўся першы нумар газеты беларусаў у Польшчы “Ніва”.

газета Ніва

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна святкавалі 50 гадоў “Нівы”, потым 60. Але час бяжыць надзвычай імкліва. І вось ужо ў гэтыя веснавыя дні газета адзначае 70 гадоў – век сапраўднай сталасці, мудрасці, век разважлівасці і багатага назапашанага досведу. Напэўна патрэбна звярнуцца да гісторыкаў беларускага перыядычнага друку, каб яны далі адмысловую даведку, якія беларускія газеты выходзілі цягам больш сямідзесяці гадоў. Перакананы, што такіх будзе зусім няшмат. А калі казаць пра выданні за межамі цяперашняй Рэспублікі Беларусь, то беластоцкая “Ніва”, якая пачала выдавацца ў далёкім 1956 годзе, напэўна ня будзе мець сабе роўных.

Праўда, час зараз такі, што папяровыя выданні хутка знікаюць з шапікаў грамадскага распаўсюду і звычайных паштовых скрынак падпісчыкаў. Жывем у электронна-лічбавую эпоху, у век імклівага тэмпу. Тэхнічны прагрэс паскарае атрыманне інфармацыі, але пры тым, асабліва для старэйшага пакалення, якое дзесяцігоддзямі прывыкла чытаць папяровыя газеты і кнігі, нешта незваротна і прыкра губляецца. Канешне шкада, што праз пару гадоў газет у звычайным для нас фармаце напэўна зусім не стане. Але тут нічога не зробіш – важна захавацца ў лічбавым фармаце, інтэрнэце і жыць далей, захоўваць свайго чытача і мець свой погляд на бягучыя падзеі. Радаваць надалей прыхільнікаў “Нівы” цікавымі і новымі матэрыяламі. Дай Бог, каб так і было.

Адметна, што на бягучы год прыпадае досыць вялікі шэраг круглых і юбілейных угодкаў выдатных людзей Падляшша. У сакавіку 130 гадоў з дня нараджэння Веры Маслоўскай, родам з Агароднічкаў, у чэрвені – 130 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Казлоўскага, які паходзіць з Сакольшчыны, у ліпені 130 гадоў з дня нараджэння Яраслава Кастыцэвіча, які з Пасынкаў, у жніўні – 130 гадоў з дня нараджэння Янкі Чарапука, які з сакольскага Новага Двара. Вось колькі шмат даў беларускіх дзеячаў 1896 год! Пра ўсіх гэтых выдатных асобаў “Ніва” пісала неаднаразова і шырока. А таксама пра многіх іншых цікавых беларусаў. Як нараджэнцаў Беласточчыны, так і тых, хто з’явіўся на свет на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь, дзеіў у роднай краіне і на эміграцыі.

Ва ўмовах, калі былі знішчаныя гарадзенскія незалежныя перыядычныя выданні, беластоцкая “Ніва” стала друкаванай пляцоўкай для шэрагу творцаў з Гарадзеншчыны. За што асаблівая ўдзячнасць усім сябрам-калегам з рэдакцыі. А для беларусаў-чытачоў па абодва бакі мяжы – з Падляшша і Гарадзеншчыны – “Ніва” стала такім шырокім інфармацыйным мостам, трывалым шляхам, які ўмацоўваў сяброўскія сувязі, знаёміў з рэчаіснасцю жыцця, культурнымі здабыткамі і яркімі асобамі.

Асабліва важная ўстойлівасць “Нівы” і яе жыццяздольнасць. Шлях нашай беларускай газеты ў Польшчы ніколі не быў лёгкім і бясхмарным. “Ніва” праз дзесяцігоддзі ператрывала нападкі розных ворагаў і нядобразычліўцаў. У чым яе толькі не вінавацілі: і ў апалагетыцы камуністычных ідэй, і ў сепаратызме, і нават у раскраданні фінансавых сродкаў. Але ўрэшце газета і яе калектыў захавалі сваё добрае імя, таму што яны ва ўсе часы зберагалі роднае беларускае слова, выступалі за праўду, творча развівалі і шанавалі сваё.

Многія леты! Няхай жыве сапраўдная беларуская “Ніва”!

Уладзімір Хільмановіч