сацсеткі

У Беларусі не збіраюцца абмяжоўваць узрост карыстальнікаў сацыяльных сетак. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў.

Чыноўнік заявіў, што ў гэтым выпадку ідзе гаворка не пра блакаванне сацсетак, а ўвядзенне ўзроставых абмежаванняў ды іншых заканадаўчых цэнзаў.

“Дзяржаўныя адміністрацыі краін прымаюць меры, якія абмяжоўваюць сацсеткі для дзяцей да пэўнага ўзросту на падставе іх падступных алгарытмаў, псіхічнага ўздзеяння, дапускаючы парог уваходжання ўжо ў больш-менш свядомым узросце. Прымаць рэгуляцыйныя рашэнні ў дачыненні да абмежаванняў па ўзросце або нейкіх яшчэ параметрах мы пакуль не збіраемся”, — прыводзіць БЕЛТА словы Пярцова.

Ён растлумачыў, што алгарытм пацвярджэння ўзросту вельмі складаны і няма гарантыі, што ў акаўнт заходзіць менавіта той чалавек, на якога ён зарэгістраваны. Пры гэтым некаторыя платформы, дадае чыноўнік, збіраюць персанальныя даныя карыстальнікаў: прымушаюць падаць скан ці фота свайго пашпарта ці іншага дакумента, фіксуюць, “хто і пад якім нікам уваходзіць, якія рэсурсы наведвае, у што гуляе, што гугліць, перасылае. Мы гэта бачым, назіраем, пакуль робім толькі папярэднія высновы”.