
фота ілюстрацыйнае
Каротка:
- Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму цяжкая: не слабеюць дзяржаўны тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў, палітычных апанентаў, удзельнікаў пратэсных ініцыятыў, журналістаў і праваабаронцаў;
- на 28 лютага 2026 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1141 палітвязняў, сярод іх 169 жанчын; за месяц праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 16 чалавек;
- агулам “Вясне” вядома пра 8 191 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах з траўня2020 года;
- за люты “Вясна” атрымала звесткі аб 65 выпадках (не менш за 14 у дачыненні да жанчын) палітычна матываваных рэпрэсій (у т. л. затрыманняў, арыштаў, ператрусаў), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу;
- сябры ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч і Марыя Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка і праваабаронца Віталь Чопік, асуджаныя да пазбаўлення волі, утрымліваюцца ў зняволенні;
- працягваюцца трансгранічныя рэпрэсіі;
- праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць, збіраюць і сістэматызуюць факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў звароту ў працэсе адбыцця крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання па палітычна матываваных справах;
- Група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі выпусціла даклад для Савета па правах чалавека ААН;
- свабода асацыяцый і свабода выказвання меркаванняў рэгулярна падвяргаюцца нападам уладаў: іншадумцы і ўдзельнікі грамадскіх ініцыятыў рэгулярна падвяргаюцца адвольным арыштам і пераследу; улады пашыраюць абмежаванні на атрыманне і распаўсюд інфармацыі;
- рэгулярна папаўняюцца спісы “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”, “экстрэмісцкіх” фармаванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій;
- Праваабарончыя арганізацыі звярнуліся з лістом да сталых прадстаўнікоў дзяржаў-чальцоў і назіральнікаў пры Радзе ААН у правах чалавека. У ім праваабаронцы заклікалі ўрады падтрымаць падаўжэнне і ўмацаванне мандатаў Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і групы незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Палітычна матываваны пераслед і палітычныя зняволеныя
Статыстыка
Вядомая праваабаронцам колькасць тых, хто сутыкнуўся з траўня 2020 года* з палітычна матываваным крымінальным пераследам склала 9 480 чалавек. У дачыненні да мінімум 8 191 чалавек з 2020 года* вынесеныяпалітычна матываваныя прысуды, уключаючы завочныя. Дадзеныя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц.
У лютым праваабаронцы прызналі палітвязнямі 16 чалавек. Агулам на канец месяца ў няволі знаходзіўся 1141 палітвязень, сярод іх 164 жанчыны. Вядома пра 169 палітвязняў у асабліва ўразлівым становішчы. Колькасць былых палітвязняў склала 3 356 чалавек.
Да чацвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну ПЦ “Вясна” сабрала вядомыя звесткі пра пераслед за падтрымку Украіны: мінімум 403 чалавекі асуджаныя, з якіх мінімум 183 чалавекі праходзяць паводле “справы Гаюна”. Мінімум пяць грамадзян Украіны ўтрымліваюць у няволі. Паводле інфармацыі “Вясны”, больш за 200 палітвязняў утрымліваюцца за кратамі за салідарнасць з Украінай. Гэта беларусы, якія ваявалі на баку Украіны ці толькі мелі намер гэта зрабіць; беларусы, якія ладзілі акцыі і дыверсіі на чыгунцы, каб перашкодзіць расійскай вайсковай тэхніцы перамяшчацца; беларусы, якія перадавалі інфармацыю аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі чат-боту “Беларускі Гаюн”; і нават беларусы, якія заданацілі на падтрымку Украіне альбо проста публічна выказаліся супраць вайны. 200 чалавек — гэта амаль шостая частка ўсіх вядомых на сёння палітвязняў. “Вясна” паразмаўляла з сукамернікамі некаторых з палітвязняў-украінцаў і апублікавала іх гісторыі.
ПЦ “Вясна” прааналізавала даныя Вярхоўнага суда аб крымінальных прысудах у дачыненні да непаўналетніх за 2025 год: па палітычна матываваных абвінавачваннях былі асуджаныя 40 дзяцей, у тым ліку 16 – за ўдзел у пратэстах (арт. 342 КК).
*Травень 2020 года лічыцца праваабаронцамі пачаткам маштабнай рэпрэсіўнай кампаніі, накіраванай на ўтрыманне ўлады А. Лукашэнкі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якая пасля распаўсюдзілася на ўсіх, каго дзеючыя ўлады лічаць да сябе нелаяльнымі.
Рэпрэсіі
У лютым рэпрэсіі і затрыманні актыўна закранулі сферу культуры. Так, прайшлі затрыманні ў мінскай творчай прасторы “Парасон”, якая папулярызуе беларускія нацыянальныя рамёствы, гісторыю, тэатр і кіно на беларускай мове. Паведамлялася таксама аб затрыманні стваральніка праекта “Кінаконг”, які распаўсюджвае кіно на беларускай мове, Андрэя Кіма.
Напрыканцы месяца прайшлі затрыманні і, найбольш верагодна, скаардынаваныя рэйды па незалежных выдавецтвах у Беларусі. Прыпыніла працу незалежнае выдавецтва “Тэхналогія”, былі затрыманыя яго выдаўцы Алена і Вацлаў Багдановічы, разам з дочкамі Антанінай і Вікторыяй (Вацлаў і Вікторыя застаюцца ў зняволенні). Выдавецтва Gutenberg Publisher, якое працуе ў экзайле, КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фармаваннем”.
Станавіліся вядомымі новыя выпадкі пераследу за дапамогу палітвязням: былы палітвязень Аляксей Раманаў распавёў пра крымінальную справу супраць жанчыны, якая перавяла палітвязню 30 рублёў у калонію.
Працягвалі паступаць паведамленні пра ціск на сваякоў актывістаў і былых палітвязняў у вымушанай эміграцыі. Паведамлялася пра выпадкі звальненняў за знаходжанне сваякоў у “недружалюбных” Беларусі краінах. Таксама паступала інфармацыя аб выкліках сваякоў тых, хто з’ехаў у КДБ у Гомельскай вобласці.
Працягваўся пераслед за данаты арганізацыям грамадзянскай супольнасці і ў падтрымку Украіны. Улады працягваюць прызнаваць такія данаты фінансаваннем экстрэмізму і прапаноўваць “адкупіцца” ад крымінальнай справы ахвяраваннямі на карысць дзяржаўных арганізацый (афармляецца пастановай следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па добраахвотным паведамленні аб злачынстве і кампенсацыі шкоды). Фіксуюцца выпадкі, калі “адкупіцца” патрабуюць ад чалавека паўторна. Улады больш не распаўсюджваюць вынікі такіх пабораў; на канец 2023 года гэтая сума склала больш за 37 мільёнаў беларускіх рублёў (больш за 10 мільёнаў еўра). Таксама, становяцца вядомымі выпадкі вынясення абвінаваўчых прысудаў.
Працягваліся затрыманні на мяжы і неўзабаве пасля вяртання ў Беларусь. Стала вядома пра затрыманне на мяжы грамадзяніна Латвіі за падпіску на расейскі тэлеканал “Дождж”.
Працягваліся таксама затрыманні і суды па “справе Гаюна“, праз год пасля ўзлому Telegram-бота вядома пра мінімум 183 фігуранты крымінальных спраў.
ПЦ “Вясна” таксама сабрала агляд рэпрэсіяў у рэгіёнах Беларусі за люты.
Становішча палітвязняў
19 лютага Мікалай Статкевіч, пасля перанесенага інфаркту (па некаторых паведамленнях – інсульту), быў выпушчаны на волю пасля заканчэння шпіталізацыі. Высветлілася, што пасля затрымання на памежным пераходзе пасля адмовы пакінуць Беларусь і фактычна гвалтоўнага знікнення ён знаходзіўся ў папраўчай калоніі № 13, дзе да памілавання 11 верасня 2025 года адбываў пакаранне. Цягам пяці месяцаў, аж да вызвалення, улады адмаўляліся паведаміць сваякам Статкевіча пра ягонае месцазнаходжанне. Наталля Эйсмант, кіраўнік прэс-службы А. Лукашэнка, у заяве прэсе пацвердзіла, што, нягледзячы на памілаванне, Статкевіч быў паўторна затрыманы і адпраўлены назад у калонію за адмову пакінуць Беларусь.
19 лютага таксама была памілаваная ў сувязі з цяжарнасцю Наталля Левая, асуджаная за данаты. Пазней, дзяржаўны тэлеканал “NEWS.by” паказаў прыніжальны відэаматэрыял з удзелам палітзняволенай і яе сваякоў, удзел у якім, мяркуючы па звычайнай практыцы, быў умовай вызвалення.
Таццяна Канеўская і Павел Спірын выйшлі на волю ў сувязі з адбыццём тэрміну пазбаўлення волі.
Палітвязні, якія застаюцца ў няволі, сутыкаюцца з крытычнымі наступствамі для здароўя ў выніку негуманных умоў утрымання і неаказання якаснай медыцынскай дапамогі. Так, Вольга Чукарава пасля перанесенага інсульту страціла зрок. Паведамлялася таксама, што стан здароўя Алега Лойкі сур’ёзна пагоршыўся: скаргі на болі ў вобласці сэрца і значныя цяжкасці пры хадзе праз міжпазваночную кілу.
У рэжыме інкамунікада застаецца палітвязень Уладзімір Кніга.
Паступала інфармацыя аб масавым змяшчэнні палітвязняў у штрафны ізалятар у папраўчай калоніі № 22 — адзіночнае зняволенне ў негуманных умовах, якія можна прыраўнаць да катавання.
За парушэнне ўнутраных правілаў пенітэнцыярнай установы (арт. 411 КК) да дадатковых 8 месяцаў пазбаўлення волі асуджаны Павел Кунцэвіч. У другі раз справа паводле арт. 411 КК распачатая супраць Ціхана Осіпава, раней ён ужо быў асуджаны да дадатковых сямі месяцаў пазбаўлення волі.
Стала вядома пра смерць былога палітвязня Дзяніса Сакалоўскага, вызваленага 23 жніўня 2021 года па памілаванні.
Таксама сталі вядомыя новыя падрабязнасці смерці Вадзіма Храсько ў папраўчай калоніі № 3. Як паведаміў былы палітвязень Мікалай Сталярчук, у калонію Храсько паступіў з хранічным захворваннем, у студзені 2024 года звярнуўся ў медпункт праз павышаную тэмпературу, але ў медыцынскай дапамозе яму адмовілі. У хутім часе яго стан рэзка пагоршыўся, ён страціў прытомнасць і ўпаў, пасля чаго яго на насілках аднеслі ў медчастку, дзе ён пасля памёр.
Катаванні і жорсткае абыходжанне
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну чалавек, чые звесткі не выдаюцца, апублікаваў на сваім ютуб-канале відэаролік, у якім параўнаў Лукашэнку і Пуціна з Гітлерам і Мусаліні, а таксама правёў паралелі Другой сусветнай з расійска-ўкраінскімі войнамі. У 2023 годзе ён зазнаў крымінальны пераслед: яго асудзілі паводле пяці крымінальных артыкулаў на пяць гадоў калоніі, а ютуб і тэлеграм-каналы палітвязня прызналі “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. У снежні 2025 года мужчыну “памілавалі” і гвалтоўна дэпартавалі з Беларусі. Ён распавёў “Вясне”, як ягоная маці памерла, не вытрымаўшы зняволення сына, як катуюць холадам у ШІЗА, як сем дзён не спаў ад невыноснага зубнога болю ў калоніі, а таксама пра тое, што памілаванне і дэпартацыя – гэта не свабода.
Грамадзянка Латвіі Ала Сакаленка прыехала ў Беларусь на некалькі дзён, каб зрабіць касметычную аперацыю. Пасля гэтага яна правяла 18 месяцаў у СІЗА КДБ і каля двух гадоў — у гомельскай калоніі № 4, бо яе асудзілі за “шпіянаж”. Жанчына распавяла пра жорсткія ўмовы ўтрымання, выкарыстанне “мяккага пакоя” для ціску ў СІЗА КДБ ды іерархіі ў калоніі, дзе палітычныя зняволеныя лічацца “дзясятай” катэгорыяй. Яна таксама падрабязна падзялілася, як яе абмяжоўвалі ў камунікацыі з сям’ёй ды консульскімі службамі.
Мужчына, імя зменена ў мэтах бяспекі, які жыў у абласным горадзе і працаваў на складзе камплектоўшчыкам, у2020-2022 далучыўся да пратэстаў і актыўна выказваў сваё меркаванне на грамадска-палітычныя падзеі ў інтэрнэт-каментарах. Мужчыну затрымалі ў 2022 годзе, пасля чаго збівалі і пагражалі згвалтаваць жонку. Праз год палітвязня асудзілі паводле дыфамацыйных артыкулаў на тры гады калоніі. Ён распавёў “Вясне” пра затрыманне са збіццём і пагрозах ягонай сям’і, а таксама пра спробу вярбоўкі КДБ як умову памілавання.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
Рэалізацыя правоў на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне, а таксама права на свабоду мірных сходаў у Беларусі па-ранейшаму немагчымая. Улады падвяргаюць пакаранню ўдзел у мірных вулічных шэсцях 2020 года (калі ў дачыненні да гэтых спраў не скончыўся тэрмін даўнасці, і ён не быў перапынены здзяйсненнем новага злачынства). Пры гэтым кірунак палітычна матываванага пераследу зрушыўся ў бок рэпрэсій за погляды і іх выраз.
Менскі гарадскі суд 17 лютага вынес прысуд чацвярым менчукам, якія, паводле следства, нібыта былі кур’ерамі BYSOL. Паводле БЕЛТА, іх абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Таксама адной фігурантцы справы дадаткова інкрымінавалі ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Двум фігурантам справы прызначылі па два гады пазбаўлення волі, яшчэ двум — тры гады. Таксама фігуранты справы павінны выплаціць па 500 базавых велічынь штрафу. BYSOL апублікаваў заяву ў сувязі з гэтай інфармацыяй, у якой падкрэслілі, што “фонд ніколі не меў “кур’ерскай сеткі” ў Беларусі, таму абвінавачванні не адпавядаюць рэчаіснасці”.
Аляксандра Хазеева асудзілі паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Верагодна, хлопцу прызначылі пазбаўленне волі.
Зафіксаваныя выпадкі прыцягнення да адказнасці паводле арт. 130 КК за “распальванне сацыяльнай варожасці” выказваннямі ў інтэрнэце.
Парушэнне правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
Цэнзура і “экстрэмісцкія матэрыялы”. Афіцыйная рыторыка і інстытуцыяналізацыя пераследу за свабоду слова
Міністэрства інфармацыі паведаміла, што па стане на канец лютага 2026 года ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключана больш за 9 000 аб’ектаў (URL-адрасоў, старонак, каналаў, публікацый і медыя).
У асобны пералік друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюджвання, унесена 241 найменне, з якіх 190 былі дададзеныя ў 2025 годзе. За люты 2026 год у спіс было ўключана яшчэ 16 кніг. Сярод іншага, пад забарону трапіла кніга Віктара Пялевіна “Лямпа Мафусаіла, або Крайняя бітва чэкістаў з масонамі”.
Запушчаны задоўга да 2020 года і істотна пашыраны ў апошнія пяць гадоў механізм прызнання інфармацыі “экстрэмісцкай” афіцыйныя прадстаўнікі характарызуюць як сфармаваную “стройную сістэму процідзеяння экстрэмізму”.
Так, старшыня Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі Лілія Ананіч заявіла, што ў краіне створана цэласная сістэма рэагавання на “дэструктыўнае інфармацыйнае поле”. Незалежныя, альтэрнатыўныя і ў якасці персанальных старонак крыніцы інфармацыі апісваюцца ўладамі як форма ” ментальнай агрэсіі”, якая, паводле іх прагнозаў, “будзе пашырацца”.
Такая рыторыка сведчыць пра намер і далей ўзмацняць практыкі абмежавання і цэнзуравання публічнай прасторы.
На рэгіянальным узроўні
Сілавыя структуры Бераставіцкага раёна (Гродзенская вобласць) зрабілі справаздачу аб сітуацыі з “экстрэмізмам” за 2025 год. Па словах старэйшага оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку Бераставіцкага РАУС Дзмітрыя Шаха, за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” (арт. 19.11 КаАП) да адказнасці былі прыцягнутыя 19 чалавек. Афіцыйная статыстыка насельніцтва ў Бераставіцкім раёне – 14 тысяч чалавек усіх узростаў.
За 2025 год у Віцебскай вобласці было распачата амаль 400 “экстрэмісцкіх” спраў. Паводле справаздачы, якая апынулася ў распараджэнні ініцыятывы BELPOL, за год заведзеныя і раскрытыя 393 справы гэтай катэгорыі. Узровень “раскрывальнасці” склаў 96,2%, што нават перавышае сярэднерэспубліканскі паказчык. Гэта сведчыць аб адмове ад практык аўральнага ўзбуджэння крымінальных спраў пры наяўнасці прыкмет “злачынстваў” у адсутнасці звестак аб асобах, якія іх учынілі, і пераходу да мэтанакіраванага пераследу канкрэтных вядомых спецслужбам асоб пасля атрымання доказаў іх дачынення да “экстрэмізму” — грамадскай або палітычнай дзейнасці, выказвання меркаванняў і ўдзелу ў структурах грамадзянскай супольнасці. Таксама гэта сведчыць аб практычна канчатковым сыходзе пратэснай дзейнасці з вуліц.
У горадзе Касцюковічы (Магілёўская вобласць) каля 20 жыхароў атрымалі афіцыйныя папярэджанні за “распаўсюд экстрэмізму”. Пра гэта паведаміла старшая памочніца пракурора раёна Яна Гамолка. Паводле яе слоў, у 2025 годзе “19 асобам абвешчаныя афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці здзяйснення названых дзеянняў, растлумачаная магчымасць прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 19.11 КаАП”.
Фармальна гаворка ідзе не аб прыцягненні да адказнасці, а аб прэвентыўнай меры. Аднак падобныя “афіцыйныя папярэджанні” фактычна выконваюць функцыю інструмента ціску і прафілактычнага застрашвання: яны фіксуюць чалавека ў поле зроку праваахоўных органаў і сігналізуюць аб рызыцы наступнага пераследу.
Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра вядомых на мясцовым узроўні патэнцыйна нелаяльных уладам грамадзян, у якіх не ўдалося выявіць нейкіх забароненых інфармацыйных матэрыялаў або падпісак на “апазіцыйныя” рэсурсы. 19.11 КаАП такая практыка дэманструе сістэмны характар кантролю за распаўсюджваннем інфармацыі нават у малых раённых цэнтрах. Рэпрэсіўная логіка выходзіць за рамкі рэагавання на канкрэтныя дзеянні і замацавала характар пастаяннага нагляду і прэвентыўнага запалохвання насельніцтва.
Канвеер прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі ў лютым
Стабільна высокі ўзровень канвеера па прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі захоўваецца: за люты беларускія суды вынеслі больш за 130 рашэнняў (на 50 больш, чым у студзені). У асноўным, гэта абласныя і раённыя суды, асабліва значную колькасць рашэнняў вынеслі ў судзе Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.
Сярод прызнаных “экстрэмісцкімі” ў лютым: Instagram-старонкі ” FreeViasna”, “President Alexander Lukashenko”.
Практыка пашыральнага тлумачэння паняцця “экстрэмізм” распаўсюджваецца і на замежныя камерцыйныя структуры.
Так, пракуратура абмежавала доступ да сайтаў буйных польскіх івэнт-агенцтваў — terra-group.pl і ssl-production.pl. Кампаніі “Terra Group Event” і “SSL Production” 12 лістапада былі прызнаныя ў Беларусі “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Як пісала “Радыё Свабода”, у івэнт-агенцтве Terra Group Event працаваў экс-супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі Анатоль Котаў, які знік у жніўні 2025 года. Яго месцазнаходжанне дагэтуль невядомае.
У абгрунтаванні рашэння пракуратура заявіла, што “функцыянаванне названых інтэрнэт-рэсурсаў супярэчыла інтарэсам дзяржавы, як гэта вызначана ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, іх дзейнасць была спалучаная з замахам на асновы суверэнітэту і непахіснасць канстытуцыйнага ладу краіны”.
Характэрна, што “Terra Group Event” займаецца арганізацыяй мерапрыемстваў і тимбилдингов для буйных IT-кампаній, а “SSL Production” праводзіць аднадзённыя і шматдзённыя мерапрыемствы ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Грэцыі, Турцыі і Літве. Такім чынам, пад катэгорыю “экстрэмісцкага фармавання” былі аднесены замежныя камерцыйныя структуры, якія ажыццяўляюць івэнт-дзейнасць за межамі Беларусі.
Гэты кейс дэманструе далейшую дэвальвацыю прававога зместу тэрміна “экстрэмізм” і яго выкарыстанне ў якасці універсальнага інструмента блакавання непажаданых сувязяў, уключаючы трансгранічныя прафесійныя і дзелавыя кантакты. Падобная практыка сведчыць аб тэндэнцыі да ізаляцыі інфармацыйнай і дзелавой прасторы краіны і пашырэнні цэнзурных механізмаў за межы нацыянальнай юрысдыкцыі.
Новыя прызнанні “экстрэмісцкімі фармаваннямі” і наступны пераслед за рэалізацыю свабоды асацыяцыі
У лютым у “пералік арганізацыяй, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці” ўключаны тры суб’екты:
- Група “Гутарка Форватэра” (праект у сацсетках) — прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем* рашэннем МУС Рэспублікі Беларусь. Гэтая група і яе онлайн-каналы атрымалі прававы статус забароненай арганізацыі; пасля чаго сілавікі правялі затрыманні ў сувязі са справай па “экстрэмізму”;
- віртуальная дзяржава, якая з’явілася як элемент легенды вучэнняў “Захад-2017” і стала інтэрнэт-мемам “Viejšnoryja | Вейшнорыя”. МУС заявіла аб датычнасці да яе палітвязня Алега Ларычава — арт-менеджара, арганізатара фестывалю Urban Myths і стрыт-арт-мастака, затрыманага ў пачатку года;
- еўрапейскае беларускае выданне ў выгнанні Gutenberg Publisher.
Агулам у спісе 334 суб’ектаў, большасць з якіх — арганізацыі і ініцыятывы грамадзянскай супольнасці, якія не маюць дачынення да традыцыйных паняццяў гвалтоўнага экстрэмізму.
Вядзенне і папаўненне спісу экстрэмісцкіх фармаванняў і арганізацый з’яўляецца спосабам крыміналізацыі розных формаў актывізму, у тым ліку на прыкладзе фемінісцкіх і гуманітарных ініцыятыў. На падставе факту такога прызнання, людзей масава прыцягваюць да крымінальнай адказнасці за стварэнне, кіраўніцтва і ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання, а таксама за садзейнічанне і фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-1, арт. 361-2, арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).
Пашырэнне спісаў “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”
За месяц Камітэт дзяржаўнай бяспекі двойчы абнавіў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”: у яго былі ўключаныя яшчэ 18 чалавек. У цяперашні час у “тэрарыстычным спісе” налічваецца 1 417 чалавек, з іх каля 700 — грамадзяне Беларусі.
Сярод іншых, у “спіс тэрарыстаў” уключылі былога кіраўніка БРСМ з Іўя. Яму выстаўленае абвінавачванне паводле артыкула аб “распальванні варожасці”.
Міністэрства ўнутраных спраў працягвае з пятнічнай рэгулярнасцю абнаўляць “пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”. На канец лютага ў яго ўключаны 6 353 чалавек, якіх асудзілі па палітычных справах.
У тыдзень дадаецца ў сярэднім 30 чалавек, што ўскосна можа паказваць на ўзровень рэпрэсій у краіне, так як туды дадаюцца практычна ўсе людзі па палітычна матываваным крымінальным пераследзе, то-бок на падставе прысудаў суда, якія ўступілі ў сілу, па артыкулах “экстрэмісцкай” накіраванасці.
Сярод іншых у спіс дадалі 19-гадовых Вячаслава Бандарчука, Уладзіслава Вароніна і Арцёма Аліферовіча. У снежні 2024 года КДБ сцвярджаў, што яны датычныя да прызнанага экстрэмісцкім фармавання “Дух Русі”. Пракуратура прыводзіла дадзеныя аб неанацысцкім характары дзейнасці ўдзельнікаў фармавання. Праваабарончая супольнасць звычайна з асцярожнасцю падыходзіць да ацэнкі такіх фактаў: з аднаго боку, існуюць сур’ёзныя асцярогі з нагоды паўсюднага парушэння ўладамі стандартаў справядлівага суда і права не падвяргацца катаванням і іншым забароненым відам абыходжання; з іншага боку, дзяржава мае права і абавязана прадпрымаць намаганні па недапушчэнні дзейнасці, спалучанай з праявай нянавісці па сацыяльнай, расавай і нацыянальнай прыкмеце. Паўсюднае выкарыстанне ў палітычных мэтах інструментаў барацьбы з сапраўднымі пагрозамі тэрарызму і спараджальнага яго гвалтоўнага экстрэмізму дэвальвуе пазітыўныя намаганні дзяржавы і падахвочвае да недаверу ў дачыненні да сапраўдных матываў пераследу нават у дачыненні да тых з’яў, якія праваабаронцы самі лічаць непрымальнымі ў дэмакратычным грамадстве.
Уключэнне ў “спіс экстрэмістаў” азначае фінансавую і прафесійную ізаляцыю: за гэтым ідзе блакаванне рахункаў і пераводаў, забарона на працаўладкаванне ў адукацыі, дзяржкіраванні, войску, медыцыне і сацыяльнай сферы. Абмежаванні дзейнічаюць да пяці гадоў пасля пагашэння судзімасці, што на практыцы можа дасягаць ажно да 13 гадоў пасля адбыцця пакарання. На асоб, уключаных у пералік “тэрарыстаў”, накладваюцца больш жорсткія ў параўнанні са “спісам экстрэмістаў” фінансавыя, сацыяльныя, маёмасныя абмежаванні, а таксама абмяжоўваецца іх свабода перамяшчэння. У прыватнасці, будучы палітвязнямі яны не могуць атрымліваць банкаўскія грашовыя пераводы.
Хоць непагашаная судзімасць можа служыць падставай для абмежавання права на выезд, на практыцы былых палітвязняў вымушаюць пакінуць краіну, суправаджаючы гэта пагрозамі ўзбуджэння новых крымінальных спраў.
Былы палітвязень распавёў, як пасля яго памілавання да яго дадому прыйшлі сілавыя структуры з ператрусам і заявілі аб магчымай перакваліфікацыі яго ўдзелу ў пратэстах 2020 года ў “масавыя беспарадкі”, што азначала рызыку новага крымінальнага пераследу. Да гэтага яму неаднаразова нацякалі на пажаданасць ад’езду, падкрэсліваючы, што фармальнай забароны на выезд у яго няма. Баючыся паўторнага арышту, ён быў вымушаны пакінуць краіну.
Справа “Беларускага Гаюна”
Больш за палову ад уключаных у спіс “экстрэмістаў” людзей за апошнія месяцы, дадаецца на падставе арт. 361-4 КК “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”. За два месяцы 2026 года было дададзена 155 чалавек. Мяркуючы па ўсім, гэта справа “Беларускага Гаюна”, затрыманні па якой, па шматлікіх сведчаннях, адбываюцца кожны дзень, а ўлады валодаюць дадзенымі тысяч карыстальнікаў былога телеграм-бота па зборы інфармацыі аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі.
У асноўным ужо па гэтых справах суды прызначаюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, але ёсць і пазбаўленне волі. Маштаб і характар такіх спраў сведчаць аб мэтанакіраванай кампаніі па знішчэнні грамадскага кантролю і стварэнні эфекту застрашвання (chilling effect) у грамадстве. Паралельна фіксуюцца выпадкі прымусовых “дабрачынных унёскаў”, што фактычна ператварае справу “Гаюна” ў рэпрэсіўную кампанію з элементамі фінансавага ціску.
Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец лютага 2026 года ў зняволенні знаходзіліся 28 супрацоўнікаў медыя.
Суды выносяць суровыя прысуды ў дачыненні да супрацоўнікаў медыя. Мэта – прымус журналістаў да спынення распаўсюджвання інфармацыі, якая змяшчае крытыку рэжыму. Пакаранне – велізарныя тэрміны пазбаўлення волі. На думку дзяржавы, журналіст, рэалізуючы права на свабоду выказвання меркавання, здзяйсняе асабліва цяжкае злачынства.
26 лютага вынеслі прысуд былым кіраўнікам рэгіянальнага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press, Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку. Журналістаў абвінавацілі паводле арт. 356 (Здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса. Уладзіміру Янукевічу прызначылі 14 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 3 000 базавых велічынь. Андрэю Пакаленку — 12 гадоў пазбаўлення волі і 1 000 базавых велічынь штрафу. Таксама з кіраўнікоў медыя агулам спагналі 200 000 рублёў.
Нагадаем, што ў жніўні 2025 года чатырох былых журналістаў рэгіянальнага медыя BAR24 (былая каманда Intex-Press) Наталлю Семяновіч, Мікіту Пятроўскага, Руслана Равяку і Людмілу Зяленькаву асудзілі паводле ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.
Некаторыя журналісты, супрацоўнікі СМІ і блогеры, якія застаюцца ў Беларусі, ажыццяўляюць сваю дзейнасць таемна, нягледзячы на высокую рызыку затрымання і сур’ёзныя наступствы для здароўя, у выпадку пазбаўлення іх волі.
Максім Шуканаў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на чатыры гады і штрафа ў памеры 500 базавых велічынь. Яго бацька Ігар Шуканаў і нявеста Паліна Зыль таксама знаходзяцца ў зняволенні. Максім меў больш за 6 000 падпісчыкаў на YouTube-канале Union Bell, дзе аналізаваў палітычныя працэсы і распавядаў пра вайну Расіі і Украіны.
У лютым 2026 года стала вядома, што Вярхоўны суд адхіліў апеляцыйную скаргу Максіма Шуканава і пакінуў без зменаў рашэнне суда. Максіма прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 3 арт. 361-1 (Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання).
6 лютага 2026 года палітвязень быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Максім Шуканаў мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, у яго дыягнаставана эпілепсія.
Дзяржава выцясняе з краіны нязгодных. Непажаданых рэжыму, якія вяртаюцца, прыцягваюць да крымінальнай адказнасці: Павел Дабравольскі вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК). У лютым 2026 года, крымінальная справа перададзена ў суд. Паводле звестак БАЖ, абвінавачванне звязанае з журналісцкімі публікацыямі Паўла Дабравольскага. Раней ён працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, уключаючы ўкраінскі часопіс NV.Іа (да пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі). Апошняе месца працы ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН (прызнана экстрэмісцкім фармаваннем у 2021 годзе).
Парушэнне стандартаў справядлівага суда
Супраць Станіслава Прыгодзіча і Аляксандра Зубрыка распачалі спецвытворчасць — іх збіраюцца судзіць завочна ў адсутнасці шэрагу істотных гарантый справядлівага правасуддзя: без магчымасці звязацца з адвакатам для ўзгаднення пазіцыі, без атрымання працэсуальных дакументаў і магчымасці даць тлумачэнні па сутнасці абвінавачвання.
31-гадоваму Станіславу інкрымінаваныя арт. 130 (распальванне варожасці), ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Беларусі) Крымінальнага кодэкса. 28-гадоваму Аляксандру інкрымінаваныя арт. 130, ч. 2 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 368, 369 і 370 (здзек над дзяржаўнымі сімваламі) Крымінальнага кодэкса.
У судзе Пінскага раёна і горада Пінска 2 снежня 2025 года разгледзелі крымінальную справу ў парадку спецвытворчасці супраць Дзяніса Дзенісенкі. Пінчука абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) Крымінальнага кодэкса. Завочную справу супраць Дзенісенкі распачалі 19 верасня 2025 года. Як паведамілі на сайце Вярхоўнага суда, другога снежня 2025 года Дзянісу прызначылі чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 20 лютага 2026 года судовая калегія Брэсцкага абласнога суда разгледзела апеляцыйную скаргу, але прысуд пакінула без зменаў.
spring96.org
