Новы сквер, прысвечаны беларускай жанчыне, плануюць стварыць сёлета ў Гародні. Пра праект расказалі на ўрачыстым прыёме да 8 Сакавіка, заўважыла выданне hrodna.life.

Старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Андрэй Хмель паказаў некалькі варыянтаў афармлення і прапанаваў жанчынам абмеркаваць ідэі. Канчатковага праекту пакуль няма.

Паведамляецца, што адна з удзельніц прэзентацыі прапанавала памяняць назву праекта: замест “Моцная беларуская жанчына” яна параіла варыянт “Шчаслівая беларуская жанчына”.

Сквер мяркуецца размясціць на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў побач з Гарадзенскай абутковай фабрыкай. У цэнтры яго хочуць паставіць статую жанчыны — з белага каменя ці бетону. На думку ініцыятараў, гэтая статуя будзе “адсылаць да стойкасці і падкрэсліваць унутраную сілу і непахіснасць беларускіх жанчын”. Вакол статуі будуць драўляныя рэйкі, упрыгожаныя беларускім арнаментам.