Лецішча Хільмановіча

Органы судовага выканання выставілі на аўкцыён канфіскаванае раней лецішча гарадзенскага праваабаронца і журналіста Уладзіміра Хільмановіча.

Напомнім, што ўлады апошнія гады пераследуюць Хільмановіча за яго публіцыстычную і праваабарончую дзейнасць. Пры тым з лета 2021 году журналіст не жыве ў Беларусі. Напомнім, што 19 жніўня 2024 году году Гарадзенскі абласны суд у асобе Ігара Собалева па сукупнасці артыкулаў завочна прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у «папраўчай» калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф – 1 тысяча базавых велічынь, што складае 40 тысяч беларускіх рублёў.

25 кастрычніка таго ж году Вярхоўны суд прадказальна не задаволіў апеляцыйную скаргу публіцыста і праваабаронца. Пасля чаго прысуд увайшоў у сілу.

Органы судовага выканання канфіскавалі і ўжо прадалі ўсю бытавую тэхніку сям’і Уладзіміра Хільмановіча (лядоўню, тэлевізар, пральную машыну). Зараз на продаж выстаўлена канфіскаванае лецішча праваабаронца. Фармальна аб’ект фігуруе як будынак былога сельскага клуба ў вёсцы Навасёлкі (Мастоўскі раён). Фактычна ж былы будынак непадалёк берагу Нёмана паўразбураны.

Продажам займаецца дзяржаўная кантора «БелЮрОбеспечение». Аўкцыён прызначаны на 19 сакавіка. Стартавая цана “будынку” 5040 рублёў. Судовая выканаўца Наталия Ивановна Болтуть.