
Выкарыстаньне паветранай прасторы на ўсходзе краіны абмежавалі ў мэтах бясьпекі.
Польскае агенцтва ў аэранавігацыйных паслугах (PANSA) абвясьціла аб закрыцьці паветранай прасторы Польшчы на ўсходзе краіны ў мэтах бясьпекі.
Як паведаміла выданьне tvn24.pl, забарона на палёты ў гэтым раёне будзе дзейнічаць з 10 сакавіка да 9 чэрвеня 2026 году, але яна не распаўсюджваецца на пасажырскія самалёты, якія выконваюць палёты на вялікіх вышынях.
Абмежаваньне выкарыстаньня паветранай прасторы будзе дзейнічаць на вышыні да трох кілямэтраў.
На ўсходзе Польшча мяжуе зь Беларусьсю і Ўкраінай.
Перад гэтым улады Польшчы яшчэ на 90 дзён працягнулі дзеяньне буфэрнай зоны на мяжы зь Беларусьсю, нягледзячы на посьпех у барацьбе зь нелегальнай міграцыяй зь беларускага боку.
Апошнім часам у Польшчы пачалі фіксаваць кантрабандныя паветраныя балёны, а летась зь беларускай тэрыторыі заляцелі расейскія дроны.
