Міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс. Фота: urm.lt

Міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што ў выпадку неабходнасці абароны краіны не будзе прызнаваць ніякіх абмежаванняў у дзеяннях. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю студыі Польскага прэсавага агенцтва.

«Я пытаюся ў сябе, якімі будуць мае абмежаванні, калі мне давядзецца абараняць Літву. Шчыра кажучы, я не прыму ніякіх абмежаванняў, бо менавіта так мы павінны абараняць сябе», – заявіў міністр замежных справаў Літвы.

Паводле кіраўніка літоўскай дыпламатыі, дзяржавы павінны адкрыта абмяркоўваць пытанне ядравага стрымлівання і не лічыць гэтую тэму табу: «NATO – гэта таксама ядравы саюз. Мы маем агульную ядравую і канвенцыйную палітыку, а гэта азначае, што ядравыя сродкі могуць быць выкарыстаныя, калі спатрэбіцца абараняцца».

Будрыс назваў важным пачатак дыскусіі, якая ўзнікла пасля прапановы прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона абмеркаваць пашырэнне ядравага стрымлівання на еўрапейскіх саюзнікаў.

Міністр таксама падкрэсліў, што краіны ўсходняга флангу NATO сутыкаюцца з пагрозамі з боку Расеі і Беларусі, і нагадаў: расейскія тактычныя ядравыя сілы размешчаныя ў Калінінградскай вобласці, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны – і на тэрыторыі Беларусі.

,,

«Усе думаюць, што мы павінны маўчаць і не казаць пра гэта… Вядома, мы павінны [казаць]. Гэтыя ядравыя магчымасці павінны быць абмеркаваныя з пункту гледжання аператыўнага планавання, што мы будзем рабіць. І што спатрэбіцца, каб спыніць расейскія сілы», – дадаў Будрыс.

На думку Будрыса, дзяржавам рэгіёну неабходна развіваць дадатковыя абарончыя магчымасці, каб стрымліваць патэнцыйную агрэсію. Ён таксама адзначыў, што Расея павінна атрымліваць ясны сігнал пра гатовасць краінаў рэгіёну абараняцца ўсімі даступнымі сродкамі:

«Гэта павінен быць выразны сігнал Расеі: калі вы прыйдзеце сюды, мы не будзем абараняцца толькі на сваёй зямлі. Мы заб’ем вас усіх. Калі сітуацыя гэтага запатрабуе, мы зробім гэта з выкарыстаннем тых магчымасцяў, якія маем». 

Раман Шавель belsat.eu