
У Менскім гарадскім судзе абвесцілі завочныя прысуды пяці беларускім добраахвотнікам, звязаным з Палком імя Кастуся Каліноўскага. Ім прызначылі вялізныя тэрміны, а таксама гіганцкія штрафы.
Завочны суд над каліноўцамі пачаўся пры канцы студзеня, а 5 сакавіка іх прызналі вінаватымі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх ёсць “акт тэрарызму” і “стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі”, заўважылі праваабаронцы “Вясны”.
Былому камандзіру Дзянісу Прохараву прысудзілі 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пры гэтым першыя пяць гадоў ён павінен адбываць у турме. Таксама яго аштрафавалі на 700 базавых велічынь.
Былому камандзіру Паўлу Шурмею таксама прысудзілі 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з адбываннем першых пяці гадоў у турме. Памер штрафу для яго — 2000 базавых велічынь.
Былому намесніку камандзіра, прадстаўніку Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне Вадзіму Кабанчуку прызначылі 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з адбываннем першых пяці гадоў у турме і штраф 700 базавых адзінак. Таксама Кабанчука пазбавілі вайсковага звання старшы лейтэнант запасу.
Інструктара Аляксея Назарава асудзілі на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго штраф — 700 базавых велічынь.
Таксама 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі байцу Аляксею Кавальчуку. Яго штраф склаў 500 базавых велічынь.
