
Беларускі паэт, краязнавец, археолаг, вязень ГУЛАГу Васіль Супрун нарадзіўся 10 сакавіка 1926 года ў вёсцы Глоўсевічы (Слонімскі раён). Скончыў Слонімскую сямігодку, а ў 1944 годзе трохмесяцавы курс Слонімскай настаўніцкай семінарыі. Пасля выгнання немцаў са Слоніма быў мабілізаваны на работу па аднаўленні чыгункі. З 1944 да 1947 года працаваў дырэктарам і настаўнікам у школах вёсак Міжэвічы і Глоўсевічы Слонімскага раёна. 29 верасня 1943 года ў “Баранавіцкай газеце” быў надрукаваны першы верш Супруна “Песня на чужыне”. У 1946 годзе ён скончыў Ганцавіцкую педагагічную вучэльню.
У траўні 1946 года Васіль Супрун разам з сябрамі Міхасём Ракевічам, Міхасём Чыгрыном, Аляксандрам Гардзейкам і іншымі стварыў у Слоніме беларускую патрыятычную падпольную группу “Чайка”. Устаноўчы сход арганізацыі адбыўся на пачатку траўня 1946 года. Арганізацыя ставіла сваёй мэтай змаганне з гвалтоўнай каланізацыяй, русіфікацыяй і вульгарызацыяй краю, абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларусаў, абарону мясцовых беларускіх традыцыяў, культуры, мовы, гістарычных святыняў. “Чайка” хутка расла і шырылася пераважна за кошт студэнцкай моладзі і інтэлігенцыі. У 1946 годзе падполле ўжо было створана ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Брэсцкім чыгуначным тэхнікуме і настаўніцкім асяродку Слонімшчыны. Для агульнага кіравання быў створаны падпольны Цэнтр Беларускага Вызвольнага Руху, які ўзначаліў якраз Супрун. Яго намеснікамі былі Аляксандар Барэйка і Міхась Ракевіч. Аднак у сярэдзіне 1947 года арганізацыя была выкрытая ў сувязі з правалам наваградскай арганізацыі Саюз вызвалення Беларусі (СВБ выдаў правакатар Алесь Бажко), з якой некаторыя сябры “Чайкі” трымалі сувязь у выніку канспірацыйных памылак.
Васіль Супрун быў арыштаваны 6 чэрвеня 1947 года па дарозе з роднай вёскі ў школу, дзе ён працаваў настаўнікам. Амаль паўгода быў зняволены ў баранавіцкай следчай турме “Крывое кола” і мінскай “амерыканцы”, зазнаў допыты і катаванні. 21 лістапада 1947 года Ваенны трыбунал войскаў МУС Беларускай акругі ў Мінску паводле артыкулаў 63-1 і 76 КК БССР (здрада радзіме і антысавецкая агітацыя) асудзіў Васіля Супруна разам з маладэчанскай групай падполля (Сяргеем Яноўскім, Антонам Кабаком, Кастусём Альшэўскім) да 25 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў паражэння ў правах з канфіскацыяй маёмасці. Зняволенне адбываў у турмах Баранавічаў, Мінску, Гродна, Воршы, канцлагерах Інты і Варкуты. У зняволенні падтрымліваў тайную міжлагерную перапіску з паэткай Ларысай Геніюш. Вызвалены паводле рашэння Камісіі Вярхоўнага Савета СССР ад 16 чэрвеня 1956 года са зняццем судзімасцi і з дазволам вярнуцца ў Беларусь.

У Слонім Васіль Супрун вярнуўся ў снежні 1956 года, дзе адразу быў узяты на спецыяльны улік з забаронай працаваць па прафесіі. Змушаны быў пакінуць Слонім, пэўны час працаваў будаўніком. З 1963 года самастойна праводзіў даследаванні археалагічных помнікаў. З 1968 года працаваў навуковым супрацоўнікам Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. У 1969 годзе ў 43 гады скончыў гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Нягледзячы на перашкоды, у канцы 1980-ых гадоў у час перабудовы здолеў прабіцца ў друк са сваёй палітычнай паэзіяй. З 1995 года быў сябрам Саюзу пісьменнікаў Беларусі, выдаў некалькі сваіх кніжак.
Памёр Васіль Супрун 2 траўня 2007 года ў Слоніме, пахаваны на гарадскіх могілках.
