
Гарадзенскі журналіст-расследвальнік Дзяніс Івашын ужо 5 гадоў знаходзіцца ў зняволенні. 15 апошніх месяцаў яму не дазваляюць тэлефанаванні сваякам.
Жонка палітвязня Вольга Івашына рэгулярна інфармуе ў сацсетках пра сітуацыю з мужам. У апошнім допісе яна паведамляе:
“Павялічваецца лічыльнік дзён ад папярэдніх пасланьняў, што патроху пачынае нас хваляваць. І зусім нічога засталося да дня, у які роўна 5 год таму скралі й дагэтуль трымаюць у палоне нашага ваяра.
У адсутнасьць навінаў пра Дзяніса мы суцяшаемся ўпэўненымі, аптымістычнымі радкамі зь ягоных ранейшых лістоў і паштовак:
“У мяне збольшага ўсё бязь зьменаў. Чытаю й чытаю. Адчуваю сябе нармалёва, цалкам у форме. Маральна-баявы дух – на вышыні!”
Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Дзяніс Івашын рэдагаваў беларускую версію выдання Infornapalm і пісаў расследованні для «Новага часу». Ён знайшоў дзесяць “беркутаўцаў”, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у лукашэнкаўскай міліцыі.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.
