мяжа

Польшча пачынае ўзводзіць другую агароджу на мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведамляе польская радыёстанцыя RMF24. Адказваць за ўсталяванне новай агароджы будуць вайскоўцы.

У лістападзе 2025-га кіраўніцтва памежнай варты абвясціла, што да вясны 2026-га плануецца пабудаваць чатырохметровы плот побач з тэхнічнай дарогай. Аднак работы давялося адкласці праз маразы.

“Работы па будаўніцтве чарговай агароджы на мяжы з Беларуссю ў Падляшскім ваяводстве павінны пачацца бліжэйшымі днямі”, — адзначае RMF24.

Новы бар’ер будзе ўяўляць сабой чатырохметровую сеткаватую агароджу. Зверху пусцяць два шэрагі калючага дроту, а яшчэ два шэрагі — за агароджай. Акрамя таго, за плотам паставяць двухметровую агароджу, каб аберагчы лясных звяроў ад калецтва.

У 2022 годзе польскія ўлады паставілі на мяжы металічны бар’ер вышынёй 5,5 метра на ўчастку ў 180 км. Гэтыя меры сталі наступствам міграцыйнага крызісу на мяжы, ініцыяванага лукашэнкаўскімі ўладамі.