
11 сакавіка ў Празе, на адкрыцці 28-га Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно Jeden svět, палітыку і былому палітвязню Мікалаю Статкевічу ўручылі прэмію Homo Homini за «нязломную мужнасць і выключны ўклад у дэмакратычны рух у Беларусі».
Узнагароду за Мікалая прымала яго жонка Марына Адамовіч, піша «Свабода».
Арганізатары фестывалю адзначаюць: «Мікола Статкевіч прысвяціў усе свае намаганні абароне дэмакратыі. Яго мужнасць асабліва выявілася, калі пасля вызвалення ён супраціўляўся спробе прымусовай дэпартацыі і адмовіўся пакідаць краіну».
Прэмію Homo Homini штогод прысуджае чэшская арганізацыя People in Need, якая займаецца гуманітарнай дапамогай, абаронай правоў чалавека і падтрымкай дэмакратычных каштоўнасцяў. Узнагарода існуе з 1994 году.
У 2005 годзе прэмію атрымаў Алесь Бяляцкі, а ў 2020-м — прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца.
