
Жонка зняволенага гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына Вольга прыгадала акалічнасці дня затрымання:
У гэты час роўна 5 год таму Дзяніса Івашына ўжо захапілі ў палон, прывезьлі спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а праз 3 дні – СІЗА гарадзенскай турмы №1, якія на той момант знаходзіліся ў адным мейсцы. Праз нейкі час нешаноўныя выдумшчыкі з ганебнай канторы, спрабуючы фэйкавай гісторыяй распаўсюдзіць свае прапагандысцкія выдумкі пра Дзяніса, самі ж выставілі фота моманту захопу нашага ваяра ў палон. Таму мы маем і фота непасрэдных выканальнікаў гэтага злачынства, хай сабе і ў масках. У руках Дзяніса той самы пакунак зь лекамі для яшчэ жывой бабулі, да якой ён тады сьпяшаўся. Лекі нам пазьней аддалі, а вось Дзяніса трымаюць у палоне дагэтуль. І я пэўная, што загад на арышт нашага ваяра йшоў наўпрост з Масквы, з прычыны чаго яго дагэтуль не абмянялі на нейкія патрэбныя для рэжыму “плюшкі” падчас масавых вызваленьняў палітвязьняў ці на злапаных у розных краінах шпіёнаў.
Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Дзяніс Івашын рэдагаваў беларускую версію выдання Infornapalm і пісаў расследованні для «Новага часу». Ён знайшоў дзесяць “беркутаўцаў”, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у лукашэнкаўскай міліцыі.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.
