
Міліцыянты затрымалі жонку жыхара Слоніма, які скардзіўся на ціск з боку сілавікоў.
Раней у сацсетках мужчына расказваў, што на яго ціснуць за падабайку ў “Аднакласніках”, пакінутую ў 2016 годзе пад нейкім жартам пра Лукашэнку. Слонімец казаў, што не ведае, хто паставіў падабайку: ноўтбук быў заўжды адкрыты, і націснуць клавішу магло пяці-шасцігадовае дзіця.
Потым мужчына паведаміў, што яго жонку без позвы выклікалі ў Следчы камітэт. У яе пыталіся пра публікацыю, пагражалі і папярэджвалі пра магчымыя праблемы на працы. Таксама сілавікі казалі, што ў сям’і могуць забраць прыёмных дзяцей.
Цяпер міліцэйскі канал паведаміў, што жанчыну затрымалі і змясцілі ў ІЧУ. Яе будуць судзіць паводле адміністрацыйны справы. Сілавікі заявілі, што ў яе знайшлі “экстрэмісцкія падпіскі”.
