Міжнародны крымінальны суд

Міжнародны крымінальны суд адкрыў расследаванне па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці, якія, як мяркуецца, былі здзейсненыя ўладамі Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце суда.

На падставе папярэдняга аналізу прадстаўленых матэрыялаў пракуратура суда заявіла, што ёсць падставы меркаваць: частка злачынстваў была здзейсненая ў межах дзяржаўнай палітыкі і закранае тэрыторыю Літвы. Менавіта гэта дазваляе суду разглядаць справу, хоць Беларусь і не ратыфікавала Рымскі статут.

У прыватнасці, гаворка ідзе пра дэпартацыю і пераслед людзей паводле палітычных матываў. Прадстаўленыя факты сведчаць пра сістэмны і маштабны характар такіх дзеянняў.

У заяве адзначаецца:

«Ёсць дастатковыя падставы лічыць, што прымусовыя дзеянні, якія прывялі да дэпартацыі, былі часткай курсу дзеянняў супраць рэальных або меркаваных апанентаў урада Беларусі і ажыццяўляліся ў адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай або дзеля яе рэалізацыі.

Упраўленне прыйшло да высновы, што меркаваныя злачынствы, здзейсненыя ўладамі, былі заахвочаныя або ўхваленыя на найвышэйшым роўні».