
15 сакавіка ў Беларусі адзначаюць Дзень Канстытуцыі – галоўнага закону краіны, што павінен гарантаваць грамадзянам іхныя правы і свабоды. Дзяржаўныя СМІ традыцыйна называюць яго «асновай стабільнасці і справядлівасці». «Белсат» выбраў некалькі артыкулаў асноўнага закону і рэальныя выпадкі, якія паказваюць разрыў паміж тым, што напісанае ў Канстытуцыі, і тым, што адбываецца ў Беларусі.
Суверэнітэт і самастойная палітыка
Артыкул 1
«Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і вонкавую палітыку».
апошнія гады Беларусь усё мацней залежыць ад Расеі – як у эканамічнай, так і ў вайсковай і палітычнай сферах.
Расея застаецца галоўным крэдыторам Беларусі: дзяржаўная запазычанасць перад ёй складае блізу 7,62 млрд долараў. На Расею прыпадае каля 67 % беларускага экспарту, а прыкладна 60 % беспасярэдніх замежных інвестыцыяў у краіну забяспечваюць расейскія інвестары. Залежнасць прыкметная і на фінансавым рынку: курс беларускага рубля шмат у чым рэагуе на ваганні расейскага.
Вайсковая залежнасць таксама вырасла: у краіне размешчаная расейская тактычная ядравая зброя, пры гэтым кантроль над ёй застаецца ў Расеі. Акрамя таго, Беларусь падтрымала расейскую агрэсію супраць Украіны, падаўшы сваю тэрыторыю для ўварвання і размяшчэння войскаў.
Усё гэта ставіць пад сумнеў палажэнне Канстытуцыі аб самастойнай унутранай і вонкавай палітыцы дзяржавы.
Абарона грамадзянаў за мяжой
Артыкул 10
«Грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі».
У 2023 годзе ўлады забаранілі абмен і афармленне пашпартоў у консульствах за мяжой. Цяпер атрымаць новы дакумент можна толькі на тэрыторыі Беларусі. Для людзей, якія з’ехалі з краіны праз палітычныя прычыны, такая паездка можа скончыцца затрыманнем і крымінальным пераследам.
У выніку тысячы беларусаў, якія жывуць за мяжой, рызыкуюць застацца без сапраўдных дакументаў і фактычна аказваюцца без консульскай абароны сваёй дзяржавы.
Недапушчальнасць агрэсіі
Артыкул 18
«Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні іншых дзяржаваў».
Аднак 24 лютага 2022 года Расея пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Праз краіну ва Украіну заходзілі расейскія войскі і тэхніка. З беларускіх аэрадромаў і тэрыторыяў запускаліся ракеты па ўкраінскіх гарадах.
Вядома, можна сказаць, што новая рэдакцыя Канстытуцыі была прынятая на рэферэндуме 27 лютага 2022 года – ужо пасля пачатку вайны. Аднак і пасля гэтага Расея працягвала выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападаў на Украіну.
Забарона катаванняў
Артыкул 25
«Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму альбо зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню».
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года праваабаронцы атрымалі сотні і тысячы сведчанняў жорсткага абыходжання з затрыманымі. Людзі распавядалі аб масавым збіцці, перапоўненых камерах і адмове ў медычнай дапамозе. Шмат хто паведамляў аб катаваннях і прыніжэннях.
Права на прыватнае жыццё
Артыкул 28
«Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў ягонае прыватнае жыццё, у тым ліку на таямніцу перапіскі і паведамленняў».
Беларускія сілавыя структуры рэгулярна правяраюць тэлефоны ў затрыманых, а таксама ў людзей на мяжы. Падчас такіх правяранняў праглядаюць перапіску, падпіскі ў сацыяльных сетках і фатаграфіі. Выяўленыя паведамленні або падпіскі могуць зрабіцца падставаю для адміністратыўнай або крымінальнай справы.
Свабода перамяшчэння
Артыкул 30
«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад».
Многія беларусы, якія зʼехалі пасля пратэстаў 2020 года, асцерагаюцца вяртацца ў краіну праз пагрозу крымінальнага пераследу.
Акрамя таго, за апошні год палітвязняў пасля вызвалення вывозілі з Беларусі ў Літву ці Украіну, нярэдка без дакументаў.
Фармальна гэта нельга назваць дэпартацыяй, бо яна ўжываецца да замежных грамадзянаў. У гэтым выпадку дзяржава фактычна выдварала ўласных грамадзянаў, парушаючы іхнае канстытуцыйнае права свабодна выбіраць месца жыхарства.
Свабода меркаванняў
Артыкул 33
«Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне».
На практыцы выказванне палітычнай пазіцыі, адрознай ад дзяржаўнай, у Беларусі прыводзіць у лепшым выпадку да адміністратыўнай, у горшым – да крымінальнай адказнасці. Судзяць за пасты, каментары і лайкі ў сацыяльных сетках, фатаграфіі з пратэснай сімволікай, татуяванні з «Пагоняю» і нават лайкі пад лайкамі.
Можна таксама ўспомніць, што за падтрыманне альтэрнатыўных кандыдатаў ці ўдзел у пратэстах людзей звальняюць з працы, а студэнтаў – адлічваюць.
Свабода сходаў
Артыкул 35
«Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацыяў і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай».
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сотні тысяч беларусаў выходзілі на мірныя пратэсты. Акцыі разганяліся сілавымі структурамі, тысячы людзей былі затрыманыя. Шмат хто за ўдзел быў асуджаны.
Апошняя масавая акцыя прайшла 27 лютага 2022 года, у дзень рэферэндуму, праз некалькі дзён пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Тады беларусы выйшлі на вуліцы з антываеннымі пратэстамі. Толькі паводле афіцыйных звестак, у той дзень былі затрыманыя больш за 800 чалавек.
Свабода абʼяднанняў
Артыкул 36
«Кожны мае права на свабоду абʼяднанняў».
Пасля пратэстаў 2020 года ўлады фактычна цалкам зачысцілі палітычнае поле: апазіцыйныя партыі былі закрытыя. У краіне засталіся чатыры зарэгістраваныя партыі, і ўсе яны падтрымліваюць дзейную ўладу.
Адначасова была праведзеная маштабная ліквідацыя грамадзянскай супольнасці. Паводле звестак праваабаронцаў, пасля 2020 года былі закрытыя тысячы грамадскіх арганізацыяў і ініцыятываў – ад праваабарончых і культурных праектаў да экалагічных і зоаабарончых абʼяднанняў.
Пад пераслед траплялі нават дваровыя чаты, што жыхары стваралі для камунікацыі і абмеркавання мясцовых праблемаў. За ўдзел у такіх супольнасцях людзей затрымлівалі і асуджалі паводле адміністратыўных і крымінальных артыкулаў.
Роўны доступ да дзяржаўных пасадаў
Артыкул 39
«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права роўнага доступу да любых пасадаў у дзяржаўных органах».
Палітычныя погляды могуць стацца прычынаю звальнення або нядопуску да працы.
Пасля пратэстаў 2020 года многія работнікі дзяржаўных установаў – у тым ліку лекары, выкладчыкі і працаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў – страцілі працу за ўдзел у акцыях або падтрыманне альтэрнатыўных кандыдатаў.
Акрамя таго, былыя палітвязні і людзі, звольненыя з палітычных прычынаў, часта не могуць уладкавацца на новую працу. Працадаўцы асцерагаюцца браць такіх супрацоўнікаў, а ў некаторых выпадках людзям проста адмаўляюць, даведаўшыся пра судзімасць паводле «палітычных» артыкулаў.
Права на страйк
Артыкул 41
«Грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных інтарэсаў і права на забастоўку».
Пасля выбараў 2020 года на некаторых прадпрыемствах рабочыя спрабавалі абвясціць забастоўкі. Аднак такія спробы хутка душыліся, а ўдзельнікаў страйкаў звальнялі або кідалі за краты.
Права на мову
Артыкул 50
«Кожны мае права карыстацца роднай мовай і выбіраць мову зносінаў».
Тым не менш у асобных выпадках выкарыстанне беларускай мовы робіцца падставаю для канфліктаў і пераследу.
Напрыклад, у 2022 годзе ў Менску шырока абмяркоўвалася гісторыя мужчыны, якога затрымалі пасля канфлікту ў краме, дзе ён патрабаваў абслужыць яго па-беларуску.
А ў жніўні 2024 года ў Менску быў затрыманы краязнаўца і журналіст Ігар Хмара. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, падставаю сталася размова на беларускай мове на вуліцы. Са словаў людзей, якія сядзелі з ім у ізалятары на Акрэсціна, ён быў не адзіным чалавекам, затрыманым з такой прычыны.
Акрамя таго, у апошнія гады ўвагу да выкарыстання беларускай мовы прыцягваюць і праўладныя актывісты. Напрыклад, гарадзенская прапагандыстка Вольга Бондарава неаднаразова пісала скаргі на бізнес і ўстановы праз выкарыстанне беларускай сімволікі і мовы – у тым ліку на тавары з літарай «ў» або беларускім арнаментам.
Свабодныя выбары
Артыкул 65
«Выбары зʼяўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць».
Праваабаронцы і СМІ рэгулярна паведамляюць пра прымус да ўдзелу ў галасаванні. На выбарчыя ўчасткі арганізавана прыводзяць вайскоўцаў, студэнтаў і работнікаў бюджэтных арганізацыяў, якія фактычна не могуць адмовіцца ад удзелу.
Незалежнасць судоў
Артыкул 110
«Суддзі незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону».
Суддзі ў Беларусі прызначаюцца Аляксандрам Лукашэнкам, што ставіць пад сумнеў іхную незалежнасць.
Беларускія суды выносяць палітычна матываваныя прысуды. Частка суддзяў, якія прымалі пастановы паводле гэткіх справах, ужо трапіла пад санкцыі за ўдзел у пераследзе апанентаў улады.
Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі 1139 палітычных зняволеных.
Гарант Канстытуцыі
Артыкул 79
«Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь зʼяўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна».
Без каментароў.
Белсат
