Наваградак


Чыноўнікі прадаставілі лічбы па развіцці турызму ў гарадзенскім рэгіёне. На канец 2025 году ў Гарадзенскай вобласці турыстычную дзейнасць і экскурсійнае абслугоўванне ажыццяўлялі 108 арганізацый. У мінулым годзе іх паслугамі скарысталіся 183,6 тысячы турыстаў і экскурсантаў.

За 2025 год 155,8 тысячы беларускіх грамадзян, абслужаных турфірмамі рэгіёна, падарожнічалі па турах у межах краіны. Амаль усе ездзілі ў аднадзённыя паездкі. За гэты час за мяжой пры дапамозе турфірмаў пабывалі 19,2 тысячы беларусаў. За мінулы год у Беларусь прыехалі 8,6 тысячы замежнікаў, якія абслугоўваліся турарганізацыямі. Пра гэта паведамілі ў Галоўным статыстычным упраўленні Гарадзенскай вобласці.

У 2025 годзе на Гарадзеншчыне дзеіла 75 гатэляў, іх паслугамі скарысталіся 214,4 тысячы чалавек, з іх 133,7 тысячы – беларусы. У 2025 годзе ў 53 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях пабывалі 128,9 тысячы адпачывальнікаў, з іх 100,3 тысячы – беларускія грамадзяне. Па дадзеных Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, у 2025 годзе дзеіла 288 аграсядзіб, імі скарысталіся 98,1 тысячы чалавек, з іх 93,9 тысячы чалавек – грамадзяне Рэспублікі Беларусь.