Дэпутаты апазіцыйнай фракцыі «Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы» зноў ставяць пытанне пра ўніфікацыю санкцый супраць грамадзян Беларусі і Расіі. Яны прапануюць спыніць прыём заяў на атрыманне часовых дазволаў на жыхарства ў Літве не толькі ад расіян, але і ад беларусаў, а таксама ануляваць ужо выдадзеныя дазволы на жыхарства тым беларусам, якія наведвалі Расію або Беларусь больш за адзін раз за квартал, піша Delfi.lt.

Падчас пасяджэння літоўскага Сейма. Фота: Kay Nietfeld/picture alliance via Getty Images

У праекце закона таксама прапануецца забараніць увоз паліва з Расіі і Беларусі ў Літву ў баках грузавікоў аб’ёмам больш за 200 літраў, каб прадухіліць магчымыя парушэнні санкцый ЕС і прамыя або ўскосныя пастаўкі рэсурсаў, якія падтрымліваюць рэжымы гэтых краін.

Дэпутаты адзначаюць, што большасць беларусаў, якія маюць часовы дазвол на жыхарства ў Літве, рэгулярна вяртаюцца дадому, дзе іх нібыта могуць вербаваць або прымушаць выконваць разведвальныя заданні. Таму, паводле іх меркавання, для гарантавання нацыянальнай бяспекі Літвы неабходна ўніфікаваць меры абмежаванняў і аднолькава ацэньваць грамадзян Беларусі і Расіі, бо абедзве краіны дзейнічаюць сумесна і ўяўляюць пагрозу бяспецы рэгіёна.

Абмежаванне з выдачай ДНЖ, паводле гэтага праекта, павінна тычыцца толькі новых заяў на часовы дазвол на жыхарства; ранейшыя атрымальнікі змогуць яго працягваць без абмежаванняў. Выключэнні прадугледжваюцца толькі для экіпажаў міжнародных грузавых і пасажырскіх перавозак, а таксама для сітуацый, аб’ектыўна не залежных ад чалавека.