
гарадзенская турма
Зняволенага Яўгена Шыпуля, які меў ментальны разлад, забілі ў гарадзенскай турме летам 2022 года. Пра гэта і катаванні ў гарадзенскім ШІЗА расказаў у адмыслова запісаным відэа былы палітвязень Мікола Дзядок.
Яўгеу Шыпулю было 40 гадоў. Яго моцна збілі іншыя зняволеныя, што прывяло да смерці, а адміністрацыя бяздзейнічала, хоць і бачыла, што адбываецца, паведаміў Мікола Дзядок.
Паводле «BELPOL», Шыпуль нарадзіўся ў 1982 годзе ў Лідскім раёне, жыў у Лідзе. Нідзе не працаваў. У 2005 годзе яму прысудзілі 20 гадоў зняволення за разбой з забойствам. З цягам часу Шыпуль трапіў у магілёўскую турму, дзе яму прысудзілі дадатковы год за непадпарадкаванне адміністрацыі. У выніку ён трапіў у гарадзенскую турму.
Былы палітвязень Павел Вінаградаў расказаў Нашай Ніве падрабязнасці гісторыі. Вінаградаў адзначыў, што ў Шыпуля быў моцны ментальны разлад – ён меў некалькі асобаў: крымінальны аўтарытэт, прыгажуня, і яшчэ нехта. Гэта стварала пастаянныя праблемы ў камунікацыі з іншымі вязнямі, а таксама Шыпуль браў чужыя рэчы і ежу. Таму ён атрымаў «нізкі статус», яго пастаянна збівалі.
Нягледзячы на стан зняволенага, у адзіночную камеру яго не перавялі. Паводле Вінаградава, для адміністрацыі было прасцей абавязаць суседзяў па камеры прыглядаць за ім.
Паводле Міколы Дзядка, аднойчы Шыпуля збіла група зняволеных проста ў прагулачным дворыку. Праз гэта ў Шырпуля разарвалася селязёнка, утварыліся гематомы ўнутраных органаў, а таксама яму адбілі нырку.
Ён з падбітымі вачыма стаяў на праверцы. Заходзяць мянты, якія правяраюць, корпусныя, опер Сыроваткін. І ім казалі, і Сыроваткіну канкрэтна казалі: «Забярыце яго, бо будзе тут надзвычайнае здарэнне». А Сыроваткін адказваў: «Мне по***»», – пераказвае Дзядок словы відавочцаў.
Усіх удзельніках бойкі, у тым ліку Шыпуля адправілі ў штрафны ізалятар. Там ён прабыў пяць содняў, просьбы аб дапамозе адміністрацыя ігнаравала. Калі сітуацыя стала крытычнай, Шыпуля завезлі ў шпіталь. Дзядок адзначае, што ў шпіталі па невядомых прычынах мужчыну не зрабілі аперацыю і вярнулі ў турму. Да сваёй камеры зняволены не дайшоў. Па словах Дзядка, Шыпуль памёр проста ў калідоры («на прадоле»).
Каб схаваць нядбайнасць і абараніць сваіх агентаў сярод зняволеных, кіраўніцтва турмы (у прыватнасці, супрацоўнік аператыўнага аддзелу Сыроваткін і тагачасны начальнік аператыўнага аддзелу Аляксей Таран) з усёй групы тых, хто збіваў Шыпуля, абралі аднаго. На яго ўсклалі ўсю віну за забойства, у выніку чаго, па словах Дзядка, мужчына атрымаў 14 гадоў асаблівага рэжыму ў дадатак да свайго асноўнага тэрміну.
