
Сярод вызваленых амерыканцамі 19 сакавіка беларускія праваабаронцы Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч і Наста Лойка на волі! Усе яны вывезены ў Вільню, дзе іх ужо сустрэлі.
Марфа Рабкова знаходзілася за кратамі з верасня 2020-га году, Валянцін Стэфановіч — з ліпеня 2021 году, Наста Лойка з кастрычніка 2022 году.
Джон Коўл апублікаваў фота з вызваленымі палітвязнямі, дэпартаванымі ў Літву.
Паводле апошняй інфармацыі вызваленыя 250 палітвязняў
15 з іх дэпартаваныя, 235 застануцца ў Беларусі.
Праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі адрэагаваў на вызваленне калегаў-праваабаронцаў:
«Я бязмерна рады, як і ўсе мае калегі, вызваленню нашых сяброў, нашых калег: Валянціна Стэфановіча, Марфы Рабковай і Насты Лойкі. Тое, што мы чакалі – я непасрэдна апошнія тры месяцы, а мае калегі фактычна больш за пяць гадоў – тое і збылося. Бо Марфа Рабкова адседзела пяць з паловай гадоў, Валянцін Стэфановіч – чатыры з паловай гады, а Наста Лойка адседзела некалькі гадоў. І гэта была абсалютная несправядлівасць, так не павінна было быць.
Тое, якія тэрміны ў іх былі – гэта была вялікая несправядлівасць. Гэтыя гады барацьбы за нашую свабоду, а апошнія месяцы канкрэтна за іх свабоду, далі свой плён. І іх вызваленне з’яўляецца вынікам намаганняў шматлікіх людзей, арганізацый, дзяржаваў, у тым ліку і нас, і нашых намаганняў».
