
19 сакавіка ў Мінску з Лукашэнкам сустракалася амерыканская дэлегацыя на чале са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам. Пасля гэтай сустрэчы стала вядома пра вызваленне чарговай групы палітвязняў.
У спісах вызваленых — журналістка Кацярына Андрэева, блогер Эдуард Пальчыс, праваабаронца Наста Лойка.
Вызвалены таксама Мікіта Залатароў. Хлопца пасадзілі яшчэ непаўналетнім. Яму прысудзілі 5 гадоў выхаваўчай калоніі за ўдзел у пратэстах. Пасля хлопцу дадалі паўтара года за штурханіну з канваірам.
Яшчэ адзін чалавек у спісах — Сяргей Маўшук. Яму прысудзілі 6,5 года за ўдзел у пратэстах у Пінску.
Вызвалены і Кірыл Казей. У 2020 годзе ён з сябрамі паехаў, каб паразмаўляць з хуліганам, які накінуўся на чалавека са сцягам. У выніку быў арыштаваны і атрымаў 7 гадоў зняволення.
Паводле інфармацыі са СМІ, у Літву вывозяць наступных асобаў: Кацярына Бахвалава (Андрэева), Кірыл Казей, Дзмітрый Кубараў, Мікалай Куляшоў, Наста Лойка, Сяргей Маўшук, Эдуард Пальчыс, Мікіта Залатароў, Дзяніс Жалязко, Павел Шпетны, Кім Самусенка, Аляксандр Казлянка, Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова.
Усяго вызвалены 250 чалавек.
