Транспарант з патрабаваньнем вызваленьня журналіста Пачобута з турмы на бальконе ў цэнтры Варшавы, Польшча

У чарговай партыі вызваленых, якая складаецца з 250 чалавек, імя беларускага журналіста польскага паходжаньня зноў не апынулася. Ён працягвае заставацца ў наваполацкай калёніі.

Сярод вызваленых Лукашэнкам 19 сакавіка зноў не было Анджэя Пачобута, журналіста і дзеяча Зьвязу палякаў Беларусі, які быў зьняволены на 8 гадоў з палітычных матываў.

Польскія ўлады няспынна працуюць над тым, каб усё-ткі вызваліць Пачобута з турмы.

«І наша Міністэрства замежных спраў, і спэцслужбы пастаянна працуюць над выратаваньнем Анджэя Пачобута зь беларускага палону», — заявіў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервінскі, якога цытуе Польскае радыё.

Ён дадаў, што «гэта няпростая справа, але вада камень сьцірае», і ён перакананы, што рана ці позна мэты польскі бок дасягне.

Пасьля сустрэчы Джона Коўла, пасланца прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам у Беларусі было вызвалена 250 зьняволеных.

У этэры TVP Info міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі спыталі пра шанцы вызваленьня Пачобута з турмы і што робіць Польшча, каб гэта стала магчымым.

«Гэты абмен ажыцьцяўляецца нашымі амэрыканскімі партнэрамі, і мы пастаянна кантактуем зь імі ў гэтым пытаньні. І гэта ўсё, што мы можам сказаць пра гэты абмен», — сказаў Кервінскі.

Журналіст і прадстаўнік польскай меншасьці ў Беларусі Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 году. Рэжым Лукашэнкі прыпісаў яму дзеяньні з мэтай «рэабілітацыі нацызму».