фэст Лідбір

Фестываль LIDBEER-2026 у Лідзе не адбудзецца “з прычын, якія не залежаць ад арганізатараў”. Такая інфармацыя з’явілася ў Threads «Лідскага піва».

Арганізатары таксама дадалі, што спадзяюцца на сустрэчу ў будучым. Выказваюцца розныя меркаванні, чаму фестываль адмянілі. Адны думаюць, што арганізатары не атрымалі гастрольнага пасведчання – яно дае права праводзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы. Іншыя звязваюць адмену LIDBEER з правядзеннем новага піўнога фэсту «Гродзенская пінта».

Апошнія гады лёс аднаго з буйнейшых музычных фестываляў Беларусі «Лідбір» складваўся даволі драматычна.

Нагадаем: першы фестываль «Лідбір» прайшоў у 2015 годзе. Ён стаў своеасаблівай візітоўкай Ліды. Хэдлайнерамі ў розныя гады станавіліся «Бі-2», «Чайф», «Акіян Эльзы» і іншыя папулярныя гурты. Арганізатары паведамлялі, што колькасць гасцей свята дасягала 130 тысяч чалавек.

Цяжкія часы для фэсту пачаліся разам з пандэміяй — былі тры гады адмен і пераносаў. У 2023 годзе «Лідбір» усё ж адбыўся. Але, як кажуць, гэта было ўжо зусім не тое: замест папулярных гуртоў арганізатары далі сцэну розным кавер-бэндам і праўладным артыстам кшталту Skynet. Не абышлося без затрыманняў. 

Летась улады Ліды ўвогуле заявілі пра глабальны рэбрэндзінг мерапрыемства. Яго вырашылі зрабіць больш падобным да таго, як традыцыйна праходзіць дзень горада ў любым беларускім райцэнтры: тэматычныя стэнды розных прадпрыемстваў, не надта арыгінальныя фотазоны з бульбай ды морквай, а таксама дзеці з чырвона-зялёнымі сцягамі на шчочках. 

Нават назву фэсту змянілі — з «Лідбір» на «ХарчФэст». А хэдлайнерам фэсту стала расейская скандальная поп-дзіва Вольга Бузава, якая не толькі спявае прапагандысцкія песні, але яшчэ і набывае для расейскіх салдат рыштунак. Фэст тады стаў сапраўднай ганьбай для Ліды і яе начальнікаў.

У 2025 годзе «Lidbeer» вярнуўся нібыта ў звыклым фармаце. Але, як бачым, зусім ненадоўга.