
акруговы суд у Беластоку, фота Гарадзенскай праваабароны
19 сакавіка ў Беластоцкім агруговым судзе адбылося трэцяе паседжанне ў працэсе паводле позвы грамадзяніна Беларусі, палітычнага ўцекача Уладзіміра Л. Ён падаў пазоў супраць банку Alior у справе беспадстаўнай дыскрымінацыі правоў.
Трэцяе паседжанне ў працэсе было зусім нядоўгім. Адвакат адказчыка за 7 тыдняў так і ня здолела прадставіць запатрабаваную тэлефонную размову Уладзіміра Л. з прадстаўніцай банку, якая паведаміла беларусу аб адмове. Яна, дарэчы, выступала сведкай на мінулым паседжэнні. Суд пастанавіў адкласці разгляд справы і запатрабаваў прадставіць запіс згаданай размовы ўжо не ад адваката, а ад аддзялення банка ў Беластоку.
Акрамя гэтага суд даў магчымасць Уладзіміру Л. цягам тыдня прадставіць тэкст заявы-прабачэння, якую мусіць скласці на яго погляд адказчык па справе.
Напомнім, што яшчэ ў лістападзе 2024 году Уладзімір Л. пастанавіў адкрыць у беластоцкім аддзяленні банку Alior асабісты ашчадны рахунак. Пры тым беларус прадставіў усе патрабаваныя на той момант банкам дакументы для адкрыцця рахунку. Супрацоўніца, узяўшы ад яго ўсё запатрабаваныя дакументы, адсканавала іх і скіравала ўсё ў службу бяспекі банку, каб тая дала дазвол на адкрыццё рахунку. Замест дазволу прыйшла адмова на той падставе, што Уладзімір ёсьць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.
У такой сітуацыі Уладзімір Л. стаў аспрэчваць рашэнне аддзялення банку шляхам скаргаў. Аднак гэта так і не дало станоўчага выніку. Пасля гэтага Уладзімір Л. падаў пазоў у суд. Ён патрабуе маральнай і матэрыяльнай кампенсацыі за фактычную дыскрымінацыю яго правоў на падставе грамадзянства.
Напомнім, што на другім паседжанні былі апытаныя сведкі – па адным з кожнага боку.
Дзень наступнага паседжання пакуль не прызначаны.
