Джон Коўл

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл у інтэрв’ю «DW Беларусь» паведаміў, што на сустрэчы з Лукашэнкам 19 сакавіка ўздымаў пытанне аб спыненні новых арыштаў. Як сказаў Коўл, гэта быў «першы раз, калі я ўзняў пытанне пра новыя арышты па меры вызвалення людзей». «То-бок мы вызваляем 10 чалавек — а яны арыштуюць яшчэ 10? Спадзяюся, нам удалося данесці да яго, што гэта недапушчальна», — адзначыў амерыканскі дыпламат.

Ён таксама адзначыў, што было няпроста дабіцца, каб частцы вызваленых палітвязняў дазволілі застацца ў Беларусі. «Гэта было даволі напружанае пытанне ў перагаворах у апошнія месяцы — захаваць магчымасць для людзей заставацца ў сваёй роднай краіне», — расказаў Коўл.

Паводле яго слоў, людзей папрасілі «вярнуцца дадому і паводзіць сябе спакойна, каб мы маглі дабіцца вызвалення астатніх». 

ЗША гатовыя зняць 80% санкцый з Беларусі, калі Лукашэнка вызваліць палітвязняў.

«80% санкцый былі ўведзеныя ЗША пасля падзей 2020 года, калі людзей масава арыштоўвалі і саджалі ў турмы. Калі людзей адпусцяць, тады не будзе прычын захоўваць гэтыя 80% санкцый. Акрамя гэтых 80% застаюцца яшчэ 20%, звязаных з іншымі пытаннямі. Але калі яны пойдуць насустрач і мы вызвалім усіх гэтых людзей — усіх да аднаго — тады санкцыі будуць знятыя.

У гэтым дасягнутая дамоўленасць паміж ЗША і Беларуссю. Афіцыйна гэта яшчэ не зафіксавана. Мы працягваем працаваць над гэтым. Але менавіта да гэтага мы рухаемся», — распавёў DW спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл.