Беларускі ПЭН сфармаваў папярэдні спіс твораў, намінаваных на прэмію імя Францішка Багушэвіча і дапушчаных журы да ўдзелу ў конкурсе за 2025 год.

Як адзначаюць арганізатары, у спіс увайшлі працы розных жанраў.
«Сёлета на прэмію паступілі дзясяткі заявак – ад кніг і даследаванняў да падкастаў, відэа і мультымедыйных праектаў. Прэмія аб’ядноўвае розныя фарматы, мэтай якіх з’яўляецца асэнсаванне беларускай гісторыі, культуры і калектыўнай памяці», – гаворыцца на сайце Беларускага ПЭНа.
Сярод вылучаных дзве кнігі гарадзенскіх аўтараў. Гэта кніга Руслана Кулевіча «Апошнія сведкі Гродна» і праца Уладзіміра Хільмановіча «Беларускі каляндарны энцыклапедычны даведнік». Абодва друкаваныя выданні пабачылі свет у 2025 годзеэ
Акрамя гэтага ў намінантах прэміі два відэапраекты, у якіх удзельнічае гарадзенец Алесь Кіркевіч:
Відэапраект «Смаленне вепрука» – грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і Алесь Кіркевіч;
Відэапраект «Трызуб і Пагоня» – грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і Алесь Кіркевіч;
Наступным этапам стане абвяшчэнне доўгага спісу прэміі.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча была заснаваная ў 1996 годзе і штогод уручаецца за найлепшыя творы, прысвечаныя гісторыі і культуры Беларусі. Яна адзначае працы, якія ўмацоўваюць нацыянальныя традыцыі і спрыяюць аднаўленню сувязі з гістарычнай спадчынай.
