
Адзіны дзень інфармавання праходзіць нават у дзіцячых садках. Праўда, прапагандысты вяшчаюць не дзецям, а «педагагічнаму калектыву і працаўнікам установы». Фота: дзіцячы садок № 7 Наваградку / Instagram
У сакавіку ў Беларусі выпусцілі метадычку для Адзінага дня інфармавання – сустрэчаў чыноўнікаў і ідэолагаў з калектывамі прадпрыемстваў і студэнтамі. Яна прысвечаная развіццю рэгіёнаў і называецца «Сучасныя падыходы да развіцця рэгіёнаў: ад эканомікі да сацыяльнай інфраструктуры». «Белсат» паглядзеў, якія аргументы прыводзяць ідэолагі і пра што прагаворваюцца.
За дваццаць гадоў вёска страціла прыкладна кожнага чацвёртага жыхара
Адна з ключавых тэмаў дакументу – развіццё сельскіх тэрыторыяў. У метадычцы гаворыцца пра шматлікія дзяржаўныя праграмы, якія павінны падтрымліваць рэгіёны і «адраджаць вёску».
Аднак далей ідэолагі прызнаюць, што за апошнія два дзесяцігоддзі ўрбанізацыя толькі ўзмацнілася. Калі ў 2005-м сельскае насельніцтва складала 28,1%, то да 2025-га яго доля знізілася да 21,1%. За дваццаць гадоў вёска страціла прыкладна кожнага чацвёртага жыхара.
Маштаб праблемы пацвярджаюць і іншыя лічбы метадычкі. У Беларусі каля 10,3 тысячы вёсак маюць менш за 50 жыхароў, а больш за 4,6 тысячы – менш за дзесяць чалавек. Фактычна гэта азначае, што тысячы населеных пунктаў цяпер на мяжы знікнення.
Што прапануюць зрабіць, каб спыніць гэты працэс?
У дакуменце гаворыцца, што трэба развіваць сацыяльную інфраструктуру ў рэгіёнах – будаваць жытло, мадэрнізаваць дарогі, школы і медычныя ўстановы, а таксама пашыраць даступнасць гандлю і побытавых паслуг. Асобна згадваецца развіццё арэнднага жытла, якое павінна дапамагчы прыцягнуць спецыялістаў у невялікія гарады і сельскія раёны.
Пры гэтым ідэолагі прызнаюць, што частка інфраструктуры на вёсцы ўжо працуе неэфектыўна. Напрыклад, дзейнасць стацыянарных крамаў у вёсках «не заўсёды эканамічна апраўданая». Значную частку гандлю ў сельскай мясцовасці забяспечвае сістэма аўтакрамаў «Белкаапсаюзу». Пры гэтым дзяржаўная гандлёвая сетка застаецца стратнаю: паводле афіцыйных звестак, страты «Белкаапсаюзу» ад гандлёвай дзейнасці ацэньваюцца прыкладна на 33 мільёны рублёў.
Аднак асноўная стаўка ў дакуменце робіцца на эканамічныя праекты.
Стаўка на «пункты росту»
Ідэолагі нагадваюць, што з 2022-га да 2026 года ў Беларусі рэалізуецца праграма «Адзін раён – адзін праект», скіраваная на прыцягванне інвестыцыяў і стварэнне новых вытворчасцяў у рэгіёнах.
Яна прадугледжвае, што ў кожным раёне павінен з’явіцца як мінімум адзін індустрыйны абʼект – найчасцей гэта прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць сельгаспрадукцыю, займаюцца машынабудаваннем, металургіяй, фармацэўтыкай або дрэваапрацоўваннем. Усяго запланаваныя 212 інвестыцыйных праектаў.
Аднак да пачатку 2026-га зрэалізаваныя толькі 143, і пры такіх тэмпах выканаць увесь заяўлены абʼём да канца года будзе складана.
Але нават калі праграма будзе рэалізаваная цалкам, гаворка толькі прыкладна пра 10,5 тысячы працоўных месцаў больш як на пяць мільёнаў чалавек, якія пражываюць у рэгіёнах Беларусі, то бок за межамі Менску і абласных цэнтраў. У такім маштабе ўплыў асобных праектаў на дэмаграфічныя і эканамічныя праблемы рэгіёнаў наўрад ці можа быць значны.
Прызнанне слабых раёнаў
Адначасова ў метадычцы прызнаецца, што не ўсе раёны развіваюцца аднолькава. У дакуменце наўпрост гаворыцца пра тэрыторыі, якія «не ў поўнай меры могуць самастойна развязваць свае сацыяльна-эканамічныя праблемы».
Існаванне такіх раёнаў пацвярджаюць і афіцыйныя дакументы ўладаў. У пералік такіх тэрыторыяў на 2026 год увайшлі дзесяць раёнаў: Верхнядзвінскі, Дубровенскі, Лёзненскі, Мёрскі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі і Чашніцкі ў Віцебскай вобласці, а таксама Слаўгарадскі раён у Магілёўскай.
Пры гэтым у метадычцы сцвярджаецца, што эканоміка рэгіёнаў дэманструе ўстойлівы рост.
Калі лічбы не сыходзяцца
Дакумент сцвярджае, што адбываецца «нарошчванне эканамічнага патэнцыялу за кошт росту валавога рэгіянальнага прадукту» і прыводзіць паказнікі «ад 101,8 % у Віцебскай вобласці да 110,6 % у Берасцейскай», робячы выснову, што дынаміка рэгіянальнага развіцця станоўчая. Аднак адкуль менавіта ўзятыя гэтыя лічбы, у метадычцы не тлумачыцца.
Паводле звестак Белстату, у 2025 годзе індэкс фізічнага абʼёму валавога рэгіянальнага прадукту ў большасці рэгіёнаў складаў блізу 100–102 %: 101,2 % у Берасцейскай вобласці, 101,7 % у Гарадзенскай, 102,4 % у Гомельскай і 100,1 % у Магілёўскай. У Віцебскай вобласці паказнік склаў 98,9 %, гэта значыць, эканоміка рэгіёну скарацілася.
Такім чынам, фактычны рост ВРП у рэгіёнах звычайна складаў 1–2%, а ў асобных вобласцях яго не было зусім.
Падобная сітуацыя назіраецца і ў сельскай гаспадарцы.
Рэкорды, якія не рэкорды
У метадычцы сцвярджаецца, што ў 2025 годзе аграрыі краіны дасягнулі «рэкорднай адзнакі» – 9,1 млн тонаў збожжавых. Аднак статыстыка паказвае, што былі і вышэйшыя ўраджаі. Напрыклад, у 2014-м у Беларусі сабралі каля 9,5 млн тонаў збожжа, а ў 2012-м – каля 9,2 млн тонаў. Такім чынам, паказнік 2025-га сапраўды высокі, але рэкордам яго назваць нельга.
Таксама сцвярджаецца, што «станоўчыя вынікі атрыманыя ў зборы бульбы (113 % да 2024 года)». Але звесткі дэманструюць іншую карціну: у 2024 годзе ў Беларусі сабралі каля 3,11 млн тонаў бульбы, а ў 2025-м – 3,05 млн тонаў. Гэта значыць, вытворчасць не вырасла, а крыху скарацілася.
Падобная сітуацыя і з гароднінай. Метадычка кажа пра 106,5 % да ўзроўню 2024 года, аднак афіцыйная статыстыка паказвае зніжэнне: з 2,77 млн тонаў да 2,70 млн тонаў, або зніжэнне прыкладна да 97 % ад узроўню папярэдняга года.
Заробкі і рэальны разрыў
Ідэолагі таксама сцвярджаюць, што за апошнія гады прыкметна вырас дабрабыт насельніцтва. У прыватнасці, гаворыцца, што рэальная заработная плата за пяцігодку павялічылася прыкладна ў 1,4 разу.
Аднак у дакуменце абмінаюць увагай адзін з ключавых фактараў рэгіянальнай няроўнасці – разрыў даходаў паміж сталіцай і астатняю краінаю.
Паводле звестак Белстату, сярэдні заробак у Менску значна вышэйшы, чымся ў большасці вобласцяў. Напрыклад, у студзені ён складаў 3747,8 рубля (да выліку падаходнага падатку 13 % і абавязковага ўзносу ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва 1 %), у той час як у Віцебскай вобласці – 2307,1 рубля, а ў Магілёўскай – 2271,9 рубля.
Такім чынам, розніца ў заробках паміж сталіцай і шэрагам рэгіёнаў дасягае прыкладна 40 %.
Розныя версіі для розных людзей
Метадычка існуе адразу ў некалькіх версіях, і аргументы ў іх прыкметна адрозніваюцца.
У версіі для працоўных калектываў акцэнт робіцца на эканоміцы і вытворчасці. Тут падрабязна пералічваюцца інвестыцыйныя праекты, паказнікі сельскай гаспадаркі і прамысловасці, а таксама рост заробкаў і стварэнне працоўных месцаў.
У матэрыялах для інтэлігенцыі больш увагі аддаецца агульным развагам пра развіццё рэгіёнаў, сацыяльнай інфраструктуры і ролі дзяржавы.
А версія для моладзі змяшчае больш незвычайныя аргументы. Напрыклад, сцвярджаецца, што Беларусь займае 17-е месца ў свеце паводле ўзроўню інтэлекту згодна з версіяй рэйтынгу International IQ Test. Такія рэйтынгі не лічацца навуковымі паказнікамі, але ў метадычцы яны прыводзяцца як аргумент, які павінен пацвярджаць высокі ўзровень адукацыі і інтэлектуальнага патэнцыялу краіны.
Такім чынам, розныя версіі метадычкі паказваюць, як адзін і той жа набор тэзісаў дапасоўваюць пад розныя аўдыторыі. Аднак нават прыведзеная ў дакуменце статыстыка дэманструе больш складаную карціну: рэгіёны працягваюць губляць насельніцтва, а эканамічныя паказнікі выглядаюць сціплей, чым у выкладзе ідэолагаў.
Ганна Калтыгіна belsat.eu
