Анджэй Пачобут

Палітвязня Анджэя Пачобута некалькі разоў уносілі ў спісы на “памілаванне”. Аднак яго выкрэсліваў афіцыйны Менск. Пра гэта піша польскае выданне Rzeczpospolitа са спасылкай на некалькі сваіх крыніц.

Паводле звестак СМІ, пра вызваленне журналіста ішла размова падчас візіту польскага прэзідэнта Анджэя Дуды ў Кітай. Акрамя таго, адкрыццё Польшчай пунктаў пропуску ў Кузніцы і Баброўніках на мяжы з Беларуссю таксама можа быць часткай кампаніі па вызваленні палітвязня.

“Яшчэ адным сігналам для Мінска стаў “ціхі” пераезд Ціханоўскай з Вільні ў Варшаву, які адбыўся ў лютым без камер і сумеснай прэс-канферэнцыі лідара свабоднай Беларусі і прэм’ер-міністра Польшчы”, — піша Rzeczpospolitа. Гэта нібыта было зроблена, каб “не раздражняць дыктатара”.

Адной з умоваў Беларусі з’яўляецца вяртанне бакоў да палітычнага дыялогу. У прыватнасці, у Менску чакаюць візіт польскага амбасадара, расказала выданню крыніца.