
Працягваецца пераслед гарадзенскага праваабаронца і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча. Аддзел прымусовага выканання Ленінскага раёну Гародні правёў “независимую оценку” кватэры, якая знаходзіцца ва ўласнасці журналіста і збіраецца выставіць яе на продаж з мэтай спагнання незаконна прысуджанага вялікага штрафа па крымінальнай справе.

Перад тым органы судовага выканання выставілі на аўкцыён канфіскаванае раней лецішча гарадзенскага праваабаронца і журналіста, якое знаходзіцца ў Мастоўскім раёне. 19 сакавіка, аднак, прадаць яго з аўкцыёну не ўдалося. Яшчэ раней чыноўнікі канфіскавалі і ўжо прадалі ўсю бытавую тэхніку сям’і Уладзіміра Хільмановіча (лядоўню, тэлевізар, пральную машыну).
Напомнім, што ўлады апошнія гады пераследуюць Хільмановіча за яго публіцыстычную і праваабарончую дзейнасць. Пры тым з лета 2021 году журналіст не жыве ў Беларусі. 19 жніўня 2024 году Гарадзенскі абласны суд у асобе Ігара Собалева па сукупнасці артыкулаў завочна прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у «папраўчай» калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф – 1 тысяча базавых велічынь, што складае 40 тысяч беларускіх рублёў.
25 кастрычніка таго ж году Вярхоўны суд прадказальна не задаволіў апеляцыйную скаргу публіцыста і праваабаронца. Пасля чаго прысуд увайшоў у сілу.
Судовая выканаўца, якая вядзе працэс спагнання, – Наталия Ивановна Болтуть. На яе дзеянні Уладзімір Хільмановіч накіраваў адпаведную электронную і пісьмовую скаргу, аднак у парушэнне заканадаўства ніякага афіцыйнага адказу ў вызначаны тэрмін не атрымаў.
