
Фота з сацсетак
У Гародні канчаткова зруйнавалі драўляны дом міжваеннага перыяду на вуліцы Асіпенкі, 3. Будынак, узведзены ў 1930-я гады ў стылі функцыяналізму і драўлянага канструктывізму, уваходзіў у комплекс так званай Настаўніцкай калоніі. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў сацсетках.
Дом №3 на вуліцы Асіпенкі быў пабудаваны ў 1930-я гады. Ён уваходзіў у комплекс жылых, грамадскіх і гаспадарчых пабудоў у стылі драўлянага канструктывізму. Да Другой сусветнай вайны гэты раён называўся Настаўніцкай калоніяй. У будынку жылі настаўнікі. У савецкі час у дом засяліліся рабочыя.
У 2015 годзе жыхароў адсялілі. Пасля гэтага дом прастойваў, але нават без жыхароў ён быў у здавальняючым стане.

Яшчэ ў 2019 годзе камунальныя службы планавалі зруйнаваць будынак падчас “санітарнай ачысткі горада”. Тады гісторык Мечыслаў Супрон дамогся, каб дом не разабралі адразу: пасля сустрэчы з гарадскімі ўладамі пабудову вырашылі выставіць на аўкцыён.
У выніку будынак прадалі толькі ў 2022 годзе — за 9,4 тыс. рублёў.
Пачатковая цана лота складала 8,5 тыс. рублёў. Будынак выкупіла адна з гарадзенскіх мэблевых кампаній. Пра планы па далейшым выкарыстанні аб’екта пераможца аўкцыёна не паведаміў.

Новы ўласнік павінен быў пабудаваць на гэтым месцы аб’ект, які захавае стылістычныя асаблівасці гістарычнай забудовы раёна Новага Свету і Настаўніцкай калоніі: выкарыстаць драўляныя матэрыялы і паўтарыць характэрныя элементы фасада.

Аднак сам стары дом захаваць не ўдалося. У 2026 годзе яго канчаткова разбурылі.
Hrodna.life
