Анджэй Пачобут

Былы палітзняволены Эдуард Пальчыс расказаў пра ўмовы зняволення Анджэя Пачобута. Пра гэта Пальчыс напісаў у сацсетцы «Х»:

«Андрэй сядзеў у суседняй камеры ПКТ увосень 2025-га, ужо як два гады. Кароткі шпацыр, хлёрка, холад. Але трымаецца — і трымаецца неверагодна крута. Герой, які свядома ахвяруе сабой».

Журналіста Андрэя Пачобута затрымалі пяць гадоў таму.

8 лютага 2023 года яго засудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Яго звінавацілі ў «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» і «распальванні варожасці».

У аснову абвінавачання паклалі, у тым ліку, ягоныя публікацыі, дзе ён называў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе, выступаў у абарону польскай меншасці ў Беларусі і пісаў пра падзеі 2020 года.

Пачобут мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Яго рэгулярна змяшчаюць у карцар або ПКТ. Журналіст не атрымлівае ні рэчавых, ні харчовых перадач.