
фота ілюстрацыйнае
Грамадзяне Беларусі працягваюць падаваць заявы аб наданні прытулку ў краінах Еўразвязу, аднак у 2025 годзе іх колькасць знізілася – услед за агульнай дынамікаю ў ЕЗ. Гэта вынікае з звестак Еўрастату.
Паводле сукупнай колькасці першасных заяваў аб наданні прытулку дынаміка выглядае гэтак: у 2019 годзе беларусы падалі 1115 заяваў. Ужо ў 2020-м іх колькасць вырасла да 1305, а затым пачаўся рэзкі рост – 3790 у 2021 годзе, 5430 – у 2022-м. У 2023 годзе паказнік дасягнуў 5570 заяваў, пасля чаго пачалося зніжэнне – да 5110 у 2024-м і 3825 – у 2025 годзе.
Хто падае заявы на прытулак
Структура заяўнікаў застаецца ўстойлівай. Асноўную частку складаюць людзі працаздольнага ўзросту: у 2025 годзе на групу 18–34 гады прыпадае каля 40–45 % усіх заяваў. Яшчэ прыкладна траціна – заяўнікі ва ўзросце 35–64 гадоў, а доля старэйшых за 65 гадоў складае каля 3 %. Непаўналетнія прысутнічаюць, але іх доля параўнальна невялікая: у 2025 годзе гэта кожная пятая заява (каля 20 %), прычым асноўную частку складаюць падлеткі 14–17 гадоў.
Сярод беларускіх заяўнікаў пераважаюць мужчыны – каля 60 %.
У якіх краінах беларусы падаюць заявы на прытулак
Беларускія заяўнікі па-ранейшаму канцэнтруюцца ў некалькіх краінах ЕЗ. У 2025 годзе больш за ўсё заяваў пададзеныя ў Польшчы – 2995, далей ідуць Францыя (140), Нямеччына і Нідэрланды (па 125), а таксама Літва (85).
У шэрагу краінаў ЕЗ і іншых еўрапейскіх дзяржаваў, якія ўлічваюцца Еўрастатам, дзе заяваў ад грамадзянаў Беларусі ў 2025 годзе не зафіксавана – Балгарыя, Ірландыя, Харватыя, Кіпр, Люксембург, Вугоршчына, Мальта, Румынія і Славенія, а таксама Ліхтэнштэйн.
ЕЗ: агульнае зніжэнне на чвэрць
У цэлым у Еўразвязе ў 2025 годзе былі пададзеныя 669 400 першасных заяваў аб наданні прытулку (гэта значыць без уліку паўторных зваротаў). Гэта на 27 % менш, чым у 2024 годзе (912 400).
Найбуйнейшымі краінамі паходжання заяўнікаў сталіся Венесуэла – 89 500 заяваў (13 % ад агульнай колькасці), Афганістан – 63 800 (10 %) і Сірыя – 40 000 (6 %). Пры гэтым сірыйцы ўпершыню з 2013 года перасталі быць асноўнаю групай.
Больш за ўсё заяваў прынялі Іспанія – 141 000 (21 %), Італія – 126 600 (19 %), Францыя – 116 400 (17 %), Нямеччына – 113 200 (17 %) і Грэцыя – 55 400 (8 %). На гэтыя пяць краінаў прыпадае 83 % усіх заяваў.
Калі ўлічваць колькасць насельніцтва, найбольшая нагрузка легла на Грэцыю – 5,3 заяўніка на тысячу чалавек. Далей ідуць Кіпр і Іспанія (па 2,9), Люксембург (2,6) і Ірландыя (2,4).
Белсат
