
28 сакавіка – 140 гадоў таму (1886) – У Любяшове (цяпер Валынская вобл., Украіна) памёр Уладзіслаў Борзабагаты, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гг., лекар, мемуарыст. Нараджэнец маёнтку Рутка (Наваградзкі р-н).
Паходзіў са старажытнага шляхецкага праваслаўнага роду гербу “Яліта”. Гадаваўся ў вялікай сям’і суддзі Канстанціна Борзабагатага і Юліі Туганоўскай. Пачатковую адукацыю і выхаванне атрымаў дома пад наглядам маці, што дазволіла ў 1842 годзе паступіць адразу ў трэці клас вучэльні ў Наваградку. У 1846 годзе Уладзіслаў стаў вучыцца ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, адкуль быў выключаны за “крамольнасць” у поглядах. У 1848 годзе паступіў у Менскую гімназію, але быў выключаны адтуль за ўдзел у тайнай суполцы “Братняга саюзу літоўскай моладзі”. Быў засуджаны да публічнай экзекуцыі, што толькі ўзмацніла нянавісць да чужынскага.

Займаўся самаадукацыяй. Пасля амністыі 1855 года паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэту, там далучыўся да канспіратыўнай суполкі “Агул”. Потым працаваў лекарам у Наваградку. Яшчэ раней там ажаніўся на гувярнантцы з швайцарскай Лазаны. У шлюбе нарадзілася ажно 8 дзяцей, але з іх выжылі толькі двое – дачка Вераніка і сын Уладзіслаў.
У 1862 годзе Борзабагаты стаў прадстаўніком Літоўскага правінцыйнага камітэту ў Наваградскім павеце, паўстанцкая арганізацыя расла і налічвала звыш 100 чалавек. У час паўстання Борзабагаты быў паўстанцкім камісарам Наваградскага павету. Сам удзелу ў баявых дзеяння ён не браў, але кіраваў многімі акцыямі, а таксама быў лекарам. Пасля перадачы рэгіянальнага кіравання Канстанціну Кашыцу, адмовіўся быць цывільным начальнікам павету. Але працягваў займацца забеспячэннем зброяй, адзеннем і харчаваннем атрада. 7 красавіка 1863 г. адбыўся бой наваградскага паўстанцкага атрада (каля 150 чалавек) з царскімі войскамі каля Налібокаў: паўстанцы адступілі, страціўшы па розных дадзеных 30-60 чалавек. Атрад браў удзел і ў Мілавідскай бітве, пасля чаго яго рэшткі вярнуліся на Наваградчыну і самараспусціліся.
Следства прызнала ў верасні 1864 года менавіта Борзабагатага самым галоўным і дзейсным арганізатарам паўстання ў павеце. Ён быў на нелегальным становішчы ў Гародні, потым таемна пераехаў у горад Каліш, а пасля праз аўстрыйскую мяжу ў пачатку 1865 года ў Італію. Пазней у Францыю ў горад Марсель. Жыў у Парыжы, меў медыцынскую практыку. Вясной 1866 года паехаў у румынскі Бухарэст, а пасля ў італійскі Мілан, адкуль напісаў у Наваградак ліст да жонкі з просьбай прыслаць яму дыплом аб медыцынскай адукацыі. У 1870 годзе жонцы з дзецьмі ўдалося прыехаць у Парыж, бо дапамагло тое, што яна была грамадзянкай Швайцарыі. У Парыжы Борзабагаты пасябраваў з сынам Адама Міцкевіча – Уладзіславам. Потым быў удзел у франка-прускай вайне, Парыжскай камуне, зноў пагрозы расстрэлу.

У траўні 1872 года пераехаў у Кракаў. У 1874 годзе напісаў зварот з просьбай вярнуцца ў Расейскую імперыю, які быў задаволены. Адразу на мяжы арыштаваны і дастаўлены ў Вільню. Прысуджаная катарга была заменена на пасяленне ў Томскай губерні з забаронай выезду адтуль. Але ўрэшце быў высланы бліжэй – у Кастрамскую губерню на 10 год. Там займаўся таксама лекарскай практыкай.
У 1884 годзе вярнуўся ў родныя мясціны наведаў Наваградак, аднак улады не дазволілі яму там пасяліцца. Атрымаў працу толькі ў мястэчку Любяшова Пінскага павету, пераехаў туды з сям’ёй, дзе жыў да смерці. Уладзіслаў Борзабагаты пакінуў успаміны пра паўстанне 1863 года.
Цікавінка
Апошнім родавым гняздом Борзабагатых у Беларусі быў маёнтак Вясёлы Двор у Слонімскім павеце. Сюды пасля вызвалення з-пад нагляду паліцыі перасялілася маці Уладзіслава і яго малодшы брат Ігнат. Пасля падзей 1914, 1917 і 1939 гадоў маёнтак прыйшоў у заняпад і не захаваўся да нашага часу.
Памяць

Магіла ў Любяшове не захавалася. Імя Борзабагатага мае вуліца ў Наваградку. У 1991 годзе ў вёсцы Рутка з нагоды 160-ых угодкаў быў усталяваны памятны знак – прывезены з ваколіцы камень-валун, да якога прымацавалі мемарыяльную шыльду. У 1993 годзе выйшла кніжка Фёдара Ігнатовіча “Уладзіслаў Борзабагаты”.
