Дзяніс Івашын

Гарадзенскі журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын ужо 1841 дзень у зняволенні. Ажно 15 месяцаў яму не даюць тэлефанаваць родным. Але лісты Дзяніс дасылае. Яго жонка Вольга Івашына падзялілася зместам апошняга ліста:

На календары зноўку панядзелак, таму я прынесла асаблівы падарунак з атрыманых нядаўна скарбаў Дзяніс Івашын. Новае чатырохрадкоўе Дзяніс напісаў 19.03, т.б. за дзень да вызваленьня 250 палітвязьняў. Імаверна, прадчуваньне добрай навіны вісела ў паветры, і наш ваяр, які заўсёды можа злапаць “павеў ветру”, такім чынам уцелавіў свае адчуваньні. Шкада, што яго самога ў сьпісе вызваленых не было, тады б гэты верш цалкам матэрыялізаваўся:

“Зачэрпну з коптурам сьвятой вады,

Вялізнай квартаю з смакам наталюся.

Каб да твайго сьвятла вярнуцца назаўжды,

Быць полымем адным. Я веру, спадзяюся!”

Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Дзяніс Івашын рэдагаваў беларускую версію выдання Infornapalm і пісаў расследованні для «Новага часу». Ён знайшоў дзесяць “беркутаўцаў”, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у лукашэнкаўскай міліцыі.

Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.