
30 сакавіка 95 гадоў таму (1931) – У мяст. Новы Сьвержань (Стаўпецкі р-н) нарадзіўся Аляксей Пяткевіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, педагог, літаратуразнавец. Жыў і працаваў з 1957 году ў Гародні.
Працаваў на кафедры беларускай літаратуры Гарадзенскага ўніверсітэту. Быў адным з ініцыятараў надання Гарадзенскаму ўніверсітэту імя класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, адкрыцця многіх памятных шыльдаў выдатным беларусам рэгіёну. Вельмі шмат зрабіў для краязнаўства Гарадзеншчыны, пэўны час быў дэпутатам абласнога савету, удзельнічаў у грамадскім руху, асабліва ў Таварыстве Беларускай Мовы, значны час быў старшынём мясцовай арганізацыі. Вёў на Гарадзенскай абласной студыі тэлебачання штомесяцавую перадачу «Кнігарня».
Аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых працаў, выдаў 16 кніг.
Шмат гадоў Пяткевіч сябраваў з Васілём Быкавым. Пісьменнік шмат прыгадвае пра свайго сябра ў мемуарах «Доўгая дарога дадому». Са свайго боку Пяткевіч прысвяціў Быкаву некалькі кніг і шмат публікацый, расказваў невядомыя факты пра Быкава, пра Уладзіміра Караткевіча, іншых літаратараў.
Пяткевіч – аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых працаў. Сфера навуковых інтарэсаў – літаратуразнаўства, літаратурная крытыка і краязнаўства. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Псіхалагічны аналіз і праблема характару ў прозе Кузьмы Чорнага». Аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых працаў, выдаў 16 кніг.
Найбольш значныя працы: «Літаратурная Гродзеншчына. Мясціны. Людзі. Кнігі» (1996 г.), «Людзі культуры з Гродзеншчыны. Даведнік» (2000 г.).
Памёр Аляксей Пяткевіч у веку 90 гадоў 11 сакавіка 2022 года ў Гродне. Пахаваны на радзіме ў Новым Сьвержані.
