фота ілюстрацыйнае

Працоўныя мігранты “з усходніх рэспублік былога Савецкага Саюза” ў сельскай гаспадарцы Гродзенскай вобласці атрымліваюць 2,5–3 тысячы рублёў за месяц. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў кажа, што “яшчэ больш ім бы дадаваў”заўважылі petitions.pro.

Тым часам мясцовыя жыхары, занятыя ў сельскай гаспадарцы на Гродзеншчыне, атрымліваюць прыкметна менш. А той жа Караеў зусім нядаўна публічна раздражняўся праз беларусаў, якія хочуць большага заробку. І называў іх прэтэнзіі “ныццём”.

Паводле афіцыйных даных, сярэдні заробак ў галіне “сельская, лясная і рыбная гаспадарка” ў Гродзенскай вобласці за студзень — снежань 2025 года склаў 2290,6 рубля. Пры гэтым медыянны заробак у лістападзе 2025 года ў гэтай жа галіне быў 1933,1 рубля. Сярэдні заробак заўсёды выглядае прыстойней, бо яго падцягваюць уверх больш высокія даходы. Медыяна звычайна больш дакладна паказвае, колькі атрымлівае тыповы работнік.

І вось на гэтым фоне Караеў агучыў для мігрантаў дыяпазон 2,5–3 тысячы рублёў. Ніжняя мяжа гэтай сумы вышэй за сярэднегадавую сярэдні заробак па галіне прыкладна на 9%, а верхняя — прыкладна на 31%. А калі параўноўваць з медыяннай, разрыў атрымліваецца яшчэ большы: ад прыкладна 29% да прыкладна 55%.

Атрымліваецца, што прыезджаму работніку ў аграсектары вобласці гатовыя плаціць на 30–50% больш, чым атрымлівае значная частка мясцовых жыхароў. Мала таго, гучаць і словы пра тое, што гэты разрыў можна павялічыць яшчэ больш.

Еўрарадыё