Глеб Рыбчанка

Стаў вядомы прысуд 31-гадоваму айцішніку з “Варгеймінга” Глеба Рыбчанку, засуджанага па палітычных матывах. Мужчыну засудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуд вынесены Гарадзенскім абласным судом у канцы 2025 года ці ў пачатку 2026 года. Пасля апеляцыі Вярхоўны суд змяніў тэрмін: у выніку мужчына засуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

Вядома, што Глеба звінавацілі ў “распальванні варожасці” (ч. 1 арт. 130 КК), “абразе Лукашэнкі” (ч. 1 арт. 368 КК), “паклёпе на Лукашэнку” (ч. 1 і ч. 2 арт. 367 КК), “дыскрэдытацыі Беларусі” (арт. 369‑1 КК), “закліках да дзеянняў, накіраваных на шкоду Беларусі” (ч. 3 арт. 361 КК), “удзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі” (ч. 2 арт. 290-4), “падрыхтоўцы да здзяйснення тэрарыстычнага акту арганізаванай групай або ў выніку якога загінуў чалавек” (ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК) і “падрыхтоўцы да прывядзення ў нягоднасць шляхоў зносінаў ці транспартнага сродку” (ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 309 КК).

Невядома, ці сапраўды хлопец нешта планаваў або стаў ахвярай правакацыі сілавікоў. Але амаль напэўна справа ў нейкіх дзеяннях, накіраваных на падтрымку Украіны.


Мужчына родам з Гародні, доўгі час жыў і працаваў пад Пецярбургам. Ён працаваў у кампаніі “Леста” — расейскім падраздзяленні “Варгеймінга”, якое з 2022 года валодала правамі на “Свет танкаў” у Расеі і Беларусі. 

Рыбчанка ёсць у злітай базе чорнага спіса Цэнтрабанка Расеі. Прычынай стала адмова ў здзяйсненні грашовага пераводу з фармулёўкай “аперацыя здзяйсняецца ў мэтах фінансавання тэрарызму”. Падобна, ён спрабаваў заданаціць Палку Каліноўскага з расейскай карткі. Адбылося гэта ў сакавіку 2022 года. Ёсць Глеб і ў расейскай базе “Апазіцыянеры”, якую стваралі расейскія сілавікі, каб лягчэй маніторыць нязгодных з вайной і актывістаў. Яна злітая ў сетку.

Па-за працай Глеб — аматар відэагульняў, ён шмат часу праводзіў у тэматычных чатах. У беларускіх чатах хлопец заўжды перапісваўся на роднай мове. Акрамя відэагульняў, Глеб любіць настольныя ролевыя гульні. Асаблівую прыхільнасць ён меў да Tales from the Loop і Things from the Flood — настольных ролявых гульняў у жанры навукова-фантастычнай рэтрафутурыстыкі.

Вясна