
На 76-м годзе жыцця памёр крытык і літаратуразнаўца Анатоль Верабей (1950-2026). Ён быў даследчыкам творчасці Уладзіміра Караткевіча, а таксама літараратуры Заходняй Беларусі.
Анатоль Верабей нарадзіўся 10 жніўня 1950 года ў вёсцы Вайнілавічы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. У 1972 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Быў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук, пасля — у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы. З 1990 па 2020 гады працаваў дацэнтам кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук.
Літаратуразнаўца выдаў кнігі «Максім Танк і польская літаратура» (1984), «Жывая повязь часоў; Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1985), «Беларуска-расійскі паэтычны ўзаемапераклад 20-30‑х гадоў» (1990), брашуру «Паэзія Максіма Танка» (1983). Удзельнічаў у выданні збораў твораў Уладзіміра Караткевіча, Піліпа Пестрака і іншых пісьменнікаў.
