Дзеці з вайсковай тэхнікай. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: edu.gov.by

Падчас летніх канікулаў юнакі з дзясятых класаў адправяцца на вучэбна-палявыя зборы, якія пачнуцца 25 траўня. Пра гэта паведамляе Міністэрства адукацыі Беларусі.

З 2026 года зборы будуць праходзіць на працягу 10 дзён (60 гадзін). Пры гэтым зборы будуць «ва ўмовах, набліжаных да ўмоваў вайсковай часткі, у фармаце кругласутачнага знаходжання навучэнцаў».

Калі дзесьці няма магчымасці арганізаваць зборы такім чынам, каб вучні былі там кругласутачна, то падлеткам трэба будзе хадзіць на зборы ў школы і гімназіі.

Мэтай збораў указана прафарыентацыя вучняў на атрыманне вайсковых спецыяльнасцяў і фармаванне «маральна-псіхалагічнай гатовасці да вайсковай службы».

«Для дасягнення максімальнага эфекту ад правядзення вучэбна-палявых збораў» будзе прадугледжанае ўзаемадзеянне з воінскімі часцямі, якія выдзеляць людзей і вайсковую маёмасць.

«Вучэбна-палявыя зборы – гэта складовая частка вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце „Дапрызыўная і медычная падрыхтоўка“. Перавод вучняў у XI клас ажыццяўляецца па выніках вучэбна-палявых збораў», – падкрэслівае Міністэрства адукацыі.

Вызваленне ад вучэбна-палявых збораў магчымае толькі паводле медычных паказанняў.

Пакуль хлопцы будуць праходзіць зборы, дзяўчаты пройдуць 60-гадзінны курс па медычнай падрыхтоўцы з выкарыстаннем базы ўстановаў аховы здароўя, рэгіянальных падраздзяленняў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа або рэгіянальных падраздзяленняў МНС. Калі арганізаваць гэта не ўдасца, то медычная падрыхтоўка будзе праводзіцца ў школах.

Белсат