ютуб

Прызначаны ў чацвер, 9 красавіка, на пасаду міністра інфармацыі Дзмітрый Жук пракаментаваў пытанне магчымага блакавання найбуйнейшай відэа-пляцоўкі пасля таго, як тая выдаліла каналы некаторых дзяржаўных прапагандысцкіх медыяў.

«Кожная пастанова, асабліва такога плану, як забарона, мусіць быць дакладна прадуманай. Павінны быць прадуманыя яго наступствы. Яно павінна быць мэтазгодным і эфектыўным. Калі мы дэкларуем, але не можам рэалізаваць, то лепш наагул не дэклараваць, – заявіў Жук. – Што датычыць платформаў, якія выкарыстоўваюцца грамадзянамі Беларусі, дзеяць трэба вельмі акуратна. Трэба шукаць іншыя механізмы ўзаемаадносінаў з гэтымі буйнымі гульцамі сусветнай медыяпрасторы».

Чыноўнік і былы кіраўнік дзяржаўнага выдавецкага дому «Беларусь сегодня» згадаў словы Лукашэнкі, які падчас прызначэння новых кадраў казаў пра «інфармацыйную вайну».

Жук заявіў, што «змагацца давядзецца на чужой тэрыторыі – на тым жа YouTube, у Instagram». Асноўную стаўку новы кіраўнік ведамства будзе рабіць на супрацоўнікаў дзяржаўных медыяў – «салдатаў гэтай інфармацыйнай вайны».

«Асяроддзе выкарыстання іхных намаганняў – гэта пытанне тэхналогіяў, і мы не ведаем, што нам падкінуць заўтра. Але мы павінны дакладна разумець, што гэта ідэалагічна вывераныя, граматныя людзі, якія могуць і тэхналагічна асвойваць любыя фарматы работы. Гэта самае важнае, што трэба будзе зрабіць у інфармацыйнай сферы», – заявіў ён.

Яшчэ адной задачай для сваёй каманды Жук назваў «абарону беларускага рынку ад інфармацыйнага ўварвання негатыўных трэндаў, якія ненатуральныя для маралі беларусаў».

Нагадаем, 3 сакавіка YouTube выдаліў каналы дзяржаўных тэлеканалаў Беларусі ОНТ, СТВ і дзяржаўнага інфармагенцтва «БелТА». Верагодна, адміністрацыя відэахостынгу выдаліла каналы ў сувязі з парушэннямі правілаў пляцоўкі. Раней гэта адбылося з каналамі прапагандыста СТВ Грыгорыя Азаронка.

СТВ у адказ паскардзіўся на ўціск свабоды слова і падкрэсліў, што ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» і кіраўніцтва кампаніі не пад санкцыямі.

Пасля гэтага Мінінфарм заявіў, што «пакідае за сабой права на прыняцце неабходных захадаў рэагавання». Падобную заяву зрабіў і МЗС Беларусі.

Белсат