
У сувязі з тым, што сталі вядомыя факты адвольнага прызнання ўладамі несапраўднымі пашпартоў былых палітвязняў, прымусова высланых з Беларусі пасля вызвалення ў верасні і снежні 2025 года, мы, кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем наступнае.
Абарона сваіх грамадзян — базавая функцыя і абавязак дзяржавы. Артыкул 10 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сведчыць аб тым, што грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. Пашпарт з’яўляецца адным з праяў суверэнітэту дзяржавы і пацвярджае гарантыю абароны грамадзяніна дзяржавай як на сваёй тэрыторыі, так і за мяжой.
Асабліва падкрэсліваем, што пашпарт — гэта не проста адміністрацыйны дакумент, але пацвярджэнне юрыдычнай і сацыяльнай ідэнтычнасці чалавека. Нягледзячы на тое, што адсутнасць сапраўднага пашпарта дэ-юрэ не цягне страты грамадзянства, яно стварае сітуацыю фактычнага безграмадзянства (de facto statelessness), закранае годнасць чалавека і перашкаджае рэалізацыі яго шматлікіх базавых правоў, уключна з правам на роўны зварот (недыскрымінацыя) (арт. 26 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 22 Канстытуцыі), права на прызнанне правасуб’ектнасці (арт. 16 Пакта), права на свабоднае перамяшчэнне (арт. 12 Пакта), права на неўмяшанне ў асабістае, сямейнае жыццё (арт. 17 Пакта), права ўступаць у шлюб і засноўваць сям’ю (арт. 23 Пакта), права ўласнасці (арт. 44 Канстытуцыі).
У адпаведнасці з артыкулам 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. Артыкул 59 Канстытуцыі замацоўвае абавязак дзяржаўных органаў, службовых ды іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя захады для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.
Адвольнае прызнанне несапраўднымі пашпартоў людзей, якія пераследуюцца паводле палітычных прычынаў, з’яўляецца не проста адмовай дзяржавы ад абароны сваіх грамадзян, але наўмысным злоўжываннем уладай з боку дзяржаўных органаў, што закліканы забяспечваць абарону правоў грамадзян. Гэта дадатковыя рэпрэсіўныя захады (а таксама новая практыка ў кантэксце трансгранічных рэпрэсій) у дачыненні да людзей, якія ўжо зазналі адвольны крымінальны пераслед і панеслі несправядлівае пакаранне за рэалізацыю сваіх законных правоў і свабод.
Пры гэтым, сам факт прымусовага выправаджэння гэтых людзей дадае асаблівую ўразлівасць іх становішчу і складае асобнае парушэнне як нацыянальнага заканадаўства, так і міжнародна-прававых абавязальніцтваў Рэспублікі Беларусь (гл. заяву кааліцыі ад 22.12.2025 г.). Прызнанне несапраўднымі пашпартоў (нават пры фізічнай адсутнасці пашпарта на руках) у дадатак да прымусовай высылкі дэманструе не толькі неправамернасць такіх дзей, але асаблівы цынізм уладаў, якія імкнуцца любымі даступнымі спосабамі пагоршыць становішча, падоўжыць пакуты і прыніжэнне годнасці людзей, што пераследуюцца паводле палітычных матываў.
Нагадваем, што адмова ўладаў Беларусі ад абароны ўласных грамадзян у якасці трансгранічных рэпрэсіўных захадаў мае больш шырокі характар і тычыцца не толькі вызваленых і прымусова вывезеных людзей. Працягвае дзейнічаць Указ № 278 “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў” ад 04.09.2023 г. (“пашпартны ўказ”), якім была скасаваная частка функцый замежных устаноў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку па выдачы ды абмене пашпарта. У выніку тысячы грамадзян Беларусі, у тым ліку іх нованароджаныя дзеці, застаюцца без базавага дакумента, які сведчыць асобу, і, як следства, без магчымасці паўнавартаснага сацыяльнага жыцця і рэалізацыі шэрагу правоў. Колькасць такіх людзей пастаянна павялічваецца.
Мы таксама канстатуем, што адвольнае прызнанне пашпартоў несапраўднымі можа разглядацца як частка дзяржаўнай палітыкі, якая прадугледжвае шырокамаштабны і сістэматычны напад на насельніцтва як кантэкстуальнага элемента злачынстваў супраць чалавечнасці па сэнсе кваліфікацыі Міжнародным крымінальным судом у кантэксце расследавання па сітуацыі Літва/Беларусь.
У сувязі з выкладзеным, мы заклікаем улады Рэспублікі Беларусь:
- выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі па абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь і стварэнні ўмоў для рэалізацыі іх правоў належным чынам, без дыскрымінацыі паводле прыкметы палітычных перакананняў або паводле іншых прыкметаў.
- Прынамсі: спыніць практыку адвольнага прызнання пашпартоў несапраўднымі;
- забяспечыць аднаўленне дзейнасці пашпартоў;
- адмяніць Указ № 278 “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў” ад 04.09.2023 г. і аднавіць рэалізацыю замежнымі ўстановамі Беларусі функцыі выдачы і абмену пашпартоў.
Заклікаем прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і замежных дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у перамовах па вызваленні:
- прыкладаць максімальныя дыпламатычныя намаганні для спынення практык, што ўціскаюць у правах вызваленых у выніку перамоў грамадзян Рэспублікі Беларусь;
- прыкладаць максімальныя дыпламатычныя намаганні для спынення практык, што ўціскаюць у правах іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія засталіся без сапраўднага пашпарта па віне ўладаў, а таксама для адмены Указа № 278 (“пашпартнага ўказа”);
- аказваць максімальнае садзейнічанне ў легалізацыі на тэрыторыі замежных дзяржаў прымусова высланым ды іншым грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія засталіся без сапраўднага пашпарта па віне беларускіх уладаў;
- разглядаць названыя практыкі як форму трансгранічных рэпрэсій і ўлічваць іх пры ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт
Lawtrend
Human Constanta
Беларускі ПЭН
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Прававая ініцыятыва
Беларускі дом правоў чалавека ім. Барыса Звозскава
Офіс па правах людзей з інваліднасцю
Беларускі Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў
