
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава лічыць, што беларусы павінныя несці адказнасць за скаргі ў сацыяльных сетках.
“Часта гэта абсалютна недакладная інфармацыя. І тут мне бачыцца, што ўсё ж такі павінна быць нейкая адказнасць за тое, што ты даносіш і пускаеш у публічную прастору”, — кажа Качанава, каментуючы працу над законам аб зваротах грамадзян.
Паводле яе, калі чыноўнікі пачынаюць разбірацца ў скаргах, якія беларусы публікуюць у сацыяльных сетках, яны сутыкаюцца з “часта абсалютна недакладнай інфармацыяй”.
“Адразу людзі чытаюць і думаюць: як жа так маглі паступіць? Ніхто не бачыў таго, што адбываецца на месцах. А калі размаўляеш з другім бокам, то разумееш, што ўсё не так проста”, — кажа Качанава.
У апошні час беларусы сталі выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі як канал сувязі з уладамі. Праз публікацыі ў TikTok і на іншых папулярных платформах яны спрабуюць прыцягнуць увагу да сваіх праблем і прымушаюць чыноўнікаў рэагаваць на гэтыя скаргі.
Якую адказнасць “за недакладную інфармацыю” ў сацыяльных сетках могуць увесці новым законам, Качанава не ўдакладніла.
Еўрарадыё
