Міністэрства замежных спраў Літвы выказала Беларусі рэзкі пратэст з-за парушэнняў паветранай прасторы і росту нелегальнай міграцыі.

МЗС Літвы
Паводле паведамлення МЗС, 9 красавіка з тэрыторыі Беларусі былі запушчаныя паветраныя шары кантрабандыстаў, якія ўвайшлі ў паветраную прастору Літвы і стварылі пагрозу для цывільнай авіяцыі. З-за гэтага паветраная прастора над Віленскім аэрапортам была абмежаваная больш чым на сем гадзін.
Літоўскае МЗС таксама адзначыла, што апошнім часам узмацніліся арганізаваныя спробы нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. З пачатку года ўжо зафіксавана 347 такіх выпадкаў.
У звязку з гэтым Літва патрабуе ад Беларусі неадкладна спыніць сістэматычныя парушэнні паветранай прасторы і сухапутнай мяжы.
У адваротным выпадку краіна пакідае за сабой права ўвесці дадатковыя абмежаванні на рух праз пагранічныя пункты і прыняць іншыя меры для абароны бяспекі і цывільнай авіяцыі.
2 красавіка прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, адказваючы на пытанне на пытанне адносна перспектыў дыялогу з лукашэнкаўскай Беларуссю, сказаў:
«Калі бліжэйшыя некалькі тыдняў, на працягу чатырох тыдняў, не будзе шароў, не будзе нелегальных мігрантаў, усе фуры паспяхова вернуцца ў Літву, і сапраўды будуць прадэманстраваны намаганні рэжыму па нармалізацыі адносін, прынамсі без стварэння напружанасці для свайго суседа, мы расцэнім гэта як знак добрай волі і, магчыма, пачнём такі дыялог, але для гэтага павінны быць вельмі выразныя ўмовы, а тыя, што існуюць на дадзены момант, вельмі далёкія ад тых, якія можна было б уявіць для пачатку дыялогу».
Наша Ніва
