У Беларусі працягваюцца маштабныя рэпрэсіі, пад якія трапляюць усё новыя групы людзей, а сама краіна ўсё больш нагадвае «вялікую турму». У гэтай сітуацыі беларусам варта «чакаць і набірацца сіл», бо новая хваля актыўнасці непазбежная. Пра гэта ў эфіры «Студыі «Белсат» расказаў праваабаронца «Вясны» і нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі

— У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» чаты сваякоў зняволеных. Ці можна казаць, што ўлады свядома пашыраюць рэпрэсіі і пад удар трапляюць ужо не толькі актывісты, але і звычайныя людзі? Гэта нейкі разлік улады ці праява своеасаблівага садызму?

Алесь Бяляцкі адзначыў, што рэпрэсіўныя механізмы, запушчаныя пасля 2020 года, паступова пашыраюцца і ахопліваюць усё новыя групы людзей.

«Гэта запушчаныя рэпрэсіўныя механізмы, якія былі накіраваныя найперш на актывістаў. Але паступова гэтае кола рэпрэсій распаўсюджваецца», — сказаў ён.

Паводле яго, цяпер пад ціск трапляюць ужо і тыя, хто не мае дачынення да палітыкі — у тым ліку людзі, якія проста абменьваюцца інфармацыяй.

«Яны ўжо пачалі ўцягваць у сябе зусім, здавалася б, непалітычныя рэчы — аб’яднанні людзей, інфармацыйныя пляцоўкі, дзе людзі абменьваюцца інфармацыяй. Напрыклад, чаты сваякоў зняволеных, дзе абмяркоўваюць самыя элементарныя рэчы: што перадаць, як дабрацца да калоніі. І раптам іх зрабілі экстрэмісцкімі», — адзначыў Бяляцкі.

Праваабаронца дадаў, што падобная логіка можа распаўсюдзіцца і на іншыя звычайныя супольнасці.

«Што там можа быць наступнае — можна толькі здагадвацца. Гэта могуць быць і чаты школ, і пад’ездаў», — заўважыў ён.

Ён таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі істотна размываецца само паняцце «экстрэмізму» і яно становіцца ўсё шырэйшым, у выніку чаго ўсё большая колькасць людзей фактычна трапляе ў катэгорыю патэнцыйных «экстрэмістаў».

«Улады спрабуюць адасобіць людзей, зрабіць так, каб яны як мага менш кантактавалі паміж сабой, ствараючы сітуацыю поўнага кантролю над грамадствам», — мяркуе Бяляцкі.

«Кіраваны хаос і пашырэнне страху»

Ці можна сказаць, што такія дзеянні ўладаў свядома фармуюць у грамадстве атмасферу страху і поўнай няпэўнасці, калі чалавек не ведае, за што менавіта можа патрапіць пад рэпрэсіі? І ці ёсць шанец, што грамадства ў нейкі момант усвядоміць, што гэтая пагроза датычыць кожнага, нават тых, хто мяркуе, што «нічога не зрабіў»?

Паводле Бяляцкага, менавіта гэтага і дабіваецца аўтарытарная сістэма.

«Такія, здавалася б, нерацыянальныя ўдары па шырокай супольнасці людзей ствараюць пачуццё страху ў грамадстве, напружанасці, няпэўнасці — што будзе, што можна рабіць, што нельга рабіць. Гэта тое, чаго дабіваецца любая аўтарытарная сістэма, калі чалавек не ведае, што з ім можа здарыцца заўтра. У нашай сітуацыі тут можна прыгадаць хіба што сталінскія часы, калі таксама ствараўся такі стан, калі было незразумела, хто патрапіць пад рэпрэсіі і як гэта ўсё будзе адбывацца», — сказаў ён.

Пры гэтым Бяляцкі падкрэсліў, што наўпроставыя параўнанні з сталінскімі часамі не зусім карэктныя. Ён адзначыў, што гісторыя звычайна не паўтараецца: хоць часам падзеі могуць выглядаць падобнымі, яны ўсё адно адбываюцца па-рознаму. Таму, паводле яго, не зусім карэктна супастаўляць рэпрэсіі 1930‑х гадоў, калі людзі гінулі тысячамі, і сучасныя рэпрэсіі.

«Тым не менш, для сённяшняга ўзроўню цывілізацыйнага развіцця Еўропы — а Беларусь ёсць часткай Еўропы — гэта нонсэнс. Гэта выклікае вялікае абурэнне, бо такога няма нідзе на еўрапейскім кантыненце», — заўважыў Бяляцкі.

Ён яшчэ раз адзначыў, што сітуацыя ў Беларусі не паўтарае мінулае і што сёння існуе значна больш магчымасцяў уплываць на грамадства — у тым ліку праз незалежныя медыі і сацыяльныя сеткі, якія працягваюць працаваць у краіне. Праваабаронца дадаў, што гэтаму спрыяе і сам стан беларускага грамадства, якое стала больш адукаваным і больш праеўрапейскім, чым у папярэднія перыяды.

«Улады спрабуюць утаймаваць гэтую стыхію, якая яўна варожая да іх і іх не ўспрымае як законную ўладу. І гэтыя рэпрэсіі ёсць адзіным сродкам для захавання ўлады на сённяшні дзень. Інакш гэтая ўлада ўжо даўно не была б, бо любыя больш-менш справядлівыя выбары прывялі б да яе змены», — падкрэсліў Бяляцкі.

Фота: тг «Вясны»

Ён таксама адзначыў, што попыт на незалежную інфармацыю не знікае, а наадварот узрастае — асабліва ў крызісныя моманты.

«І гэта адназначна ёсць. Нават па маіх выступах і інтэрв’ю, якія я даю за мяжой, мне ідзе зваротная хваля — відаць, што гэта ўсё працуе. Таму мы працуем не дарэмна. Мы не працуем для сябе, апазіцыя не працуе для апазіцыі — гэта трэба цвёрда разумець», — сказаў праваабаронца.

«Уся Беларусь — вялікая турма»

Ці правільна еўрапейскія краіны выбудоўваюць сваю палітыку датычна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у прыватнасці праз санкцыі і ціск? Ці гэты падыход трэба ўзмацняць або, наадварот, шукаць шляхі для перамоваў?

Бяляцкі адзначыў, што пазіцыя Еўразвязу датычна Беларусі пакуль застаецца паслядоўнай — захоўваецца ўвесь санкцыйны ціск, уведзены ў тым ліку за ўдзел рэжыму ў вайне і масавыя парушэнні правоў чалавека. Разам з тым, паводле яго, сітуацыя ў свеце змяняецца, і беларускі парадак дня паступова адыходзіць на другі план.

«Безумоўна, трэба ўлічваць, што гісторыя ідзе наперад, адныя падзеі змяняюцца іншымі. Мы бачым вайну каля сябе ўжо пяты год, бачым новыя канфлікты, якія разгортваюцца ў свеце. І гэтыя падзеі адсоўваюць нашыя праблемы на задні план», — адзначыў Бяляцкі.

Ён падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі важна пастаянна нагадваць пра становішча ў Беларусі і звяртаць увагу на тое, што яно не змянілася. Паводле яго, праваабаронцы працягваюць штодня фіксаваць новыя парушэнні правоў чалавека і маштаб рэпрэсіяў застаецца значным.

«Нягледзячы на, здавалася б, добрыя навіны, што я выйшаў на волю, мае сябры выйшлі, мы не павінны забывацца, што толькі паводле спісаў «Вясны» цяпер 913 чалавек застаюцца палітычнымі зняволенымі. І адбываюцца іншыя парушэнні, якія абмяжоўваюць волю і не даюць людзям свабодна дыхаць», — адзначыў ён.

У сувязі з гэтым, паводле Бяляцкага, пра Беларусь неабходна працягваць гаварыць на міжнародным узроўні, каб яна заставалася ў парадку дня еўрапейскіх палітыкаў і міжнародных арганізацый. Ён падкрэсліў, што для гэтага важна агучваць факты і рабіць гэта адкрыта, адзначыўшы, што, на жаль, доказаў парушэнняў у Беларусі дастаткова.

«Тым не менш, усё роўна нейкія добрыя навіны прайшлі, і я вельмі спадзяюся, што гэты працэс вызвалення палітзняволеных будзе працягвацца — так, як гэта плануюць амерыканскія дыпламаты. Што будуць выходзіць наступныя групы і, можа быць, у бліжэйшыя месяцы выйдуць і ўсе палітзняволеныя, прынамсі тыя, хто зараз сядзіць. Бо цяпер працэс выглядае так: адных выпускаюць, другіх садзяць. Таму, канешне, трэба дабівацца спынення рэпрэсіяў, спынення гэтага рэпрэсіўнага механізму», — сказаў ён.

Разам з тым Бяляцкі з іроніяй адзначыў, што працэс вызвалення палітвязняў часта выглядае як своеасаблівы гандаль: паводле яго, адных нібыта «абмянялі» на калійныя ўгнаенні, а кагосьці — на самалёты.

«А з другога боку, калі ты гандлюеш з тэрарыстамі і вядзеш з імі перамовы, то ты ім таксама штосьці даеш узамен за закладнікаў. Нашыя зняволеныя — гэта фактычна палонныя, гэта закладнікі гэтага рэжыму, і іх трэба выцягваць. Няхай нават такім чынам, але гэты працэс ідзе, і дзякуй богу», — мяркуе праваабаронца.

Пры гэтым Бяляцкі адзначыў, што, нягледзячы на асобныя вызваленні палітвязняў, агульная сітуацыя ў краіне прынцыпова не змянілася:

«Па вялікім рахунку нічога не змянілася. Як была краіна заціснутая, так і засталася. Я неаднойчы чуў ад людзей: уся Беларусь — гэта адна вялікая турма. Мы сядзім у маленькай турме, а ўся краіна — гэта вялікая турма».

Ён дадаў, што без вонкавага ціску зменаў чакаць не даводзіцца, і што нічога, акрамя эканамічнага і палітычнага ціску, не можа прымусіць улады выпускаць людзей.

«Мы фактычна з’яўляемся каланіяльнай краінай»

— Ці можна казаць, што заходнія эканамічныя санкцыі, з аднаго боку, узмацняюць залежнасць Беларусі ад Расеі, а з другога — пагаршаюць сітуацыю з правамі чалавека? І што ў такіх умовах важней для будучыні краіны — ціск на рэжым ці захаванне большай самастойнасці?

Бяляцкі мяркуе, што пытанне залежнасці Беларусі ад Расеі не мае простага вырашэння: паводле яго, у стасунках з Масквой у Лукашэнкі ёсць уласная лінія, на якую вонкавыя гульцы практычна не ўплываюць. Ён падкрэсліў, што дамоўленасці з Расеяй выконваюцца і гэта непасрэдна адбіваецца на стане беларускай незалежнасці.

«Мы фактычна з’яўляемся каланіяльнай краінай на сённяшні дзень, не маючы ні сваёй асобнай вайсковай палітыкі, ні сваёй эканамічнай палітыкі. Моцна залежым ідэалагічна ад Расіі. Мы бачым, што цяпер адбываецца — ідзе гэтая русіфікацыя, прычым вельмі актыўна апошнім часам. І гэтыя працэсы Лукашэнка ўхваляе. За танную нафту, як кажуць, бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы — і за такую цану ён фактычна прадае беларускую душу. І гэта вялізная пагроза для нашай будучыні, для будучыні ўсяго беларускага народу», — сказаў нобелеўскі лаўрэат.

Пры гэтым ён адзначыў, што цяпер не бачыць непасрэднай пагрозы далучэння Беларусі да вайны, хоць у 2022 годзе, у першыя месяцы поўнамаштабнай агрэсіі, сітуацыя была значна больш небяспечнай і непрадказальнай. Паводле яго, тады існавалі рэальныя рызыкі таго, што Расея зможа падпарадкаваць Украіну і ператварыць у яшчэ адну каланіяльную дзяржаву, аднак гэтыя планы сутыкнуліся з рашучым супрацівам украінскага грамадства.

Алесь Бяляцкі на ганку пасольства ЗША ў Вільні пасля вызвалення з калоніі. 13 снежня 2025 года 

«Мне падаецца, што цяпер беларускія ўлады разумеюць пэўную авантуру, але проста так ад яе адысці не могуць. Бо ёсць дамовы, ёсць палітычныя абяцанні, ёсць у тым ліку і абавязкі, якія Лукашэнка ўзяў на сябе ў 2020 годзе, калі застаўся пры ўладзе. Мы ж разумеем, што калі б не было падтрымкі Пуціна, гісторыя Беларусі пайшла б зусім па іншым кірунку, і цяпер ён вымушаны за гэта плаціць — у тым ліку незалежнасцю краіны. Але, дзякуй Богу, пакуль не пераходзіць гэтую апошнюю мяжу і не ўцягвае Беларусь у вайну па поўнай праграме. Таму я думаю, што пагроза ёсць, але на сённяшні дзень яна меншая, чым у 2022 годзе», — мяркуе Бяляцкі.

Каментуючы магчымыя пагрозы, звязаныя з размяшчэннем ядзернай зброі ў Беларусі, гібрыднымі атакамі і выкарыстаннем некантраляванай міграцыі, Бяляцкі адзначыў, што гэта частка агульнай палітыкі Расеі, накіраванай на разбалансаванне сітуацыі ля межаў Еўразвязу.

«Вось гэта ўсё — агульная палітыка Расеі: разбалансоўваць стабільную сітуацыю ля межаў Еўразвязу, у тым ліку праз размяшчэнне ядравай зброі. Яна ўвогуле накрывае ўсю Еўропу. Беларуская тэма становіцца праблемай усяго еўрапейскага кантынента, і гэта сапраўды напружвае ўсю Еўропу», — падкрэсліў ён.

На заканчэнне размовы Бяляцкі адказаў на пытанне пра тое, як беларусам захаваць сябе ў цяперашняй сітуацыі.

«Чакаем, набіраем сіл. Чакаем наступнай хвалі актыўнасці і магчымасцяў, бо яна, безумоўна, прыйдзе — так, як гэта было ў 2020 годзе. Яно паўторыцца. Толькі нам трэба ўлічыць негатыўны досвед, узяць з сабой усё лепшае і дабіцца якасных пераменаў у Беларусі. Як і калі гэта адбудзецца — ніхто не ведае. Таму трэба набірацца сіл і працягваць працаваць», — падсумаваў нобелеўскі лаўрэат.